Праз творчасць Куляшова…

IMG_7320
Пра тое, што грамадская арганізацыя ветэранаў педпрацы пульсуе на актыўнасць, пераконваць не прыходзіцца. Нават па публікацыях у раёнцы можна зрабіць такую выснову. Хаця не ўсе крокі па прыцягненню былых працаўнікоў адукацыі да сумеснага насычанага вольнага часу адлюстроўваюцца. Але ж, улічваючы актыўнасць старшыні арганізацыі Б. І. Байвер, якая да таго ж і няштатны карэспандэнт раёнкі, яна праз свае матэрыялы імкнецца заўсёды давесці чытачу жыццёвую выснову: бумеранг непазбежны. Як у пазітыве, так і наадварот.
Вось і чарговая сустрэча ў зале аддзела адукацыі прайшла напрыканцы мінулага тыдня. Яна была прымеркавана да 100-годдзя нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, якое грамадскасцю адзначалася ў лютым бягучага года.
Творчую вечарыну наладзілі супрацоўнікі раённай бібліятэкі Храмянкова Вольга і Мельнікава Жана. І яна атрымалася цёплай і пазнавальнай. Звычайны сялянскі хлопец змалку трапіў у літаратурны гурток, які існаваў пры сямігодцы, і адразу вызначыўся сярод іншых. Затым першыя вершы ў Клімавіцкай раёнцы, далей — у часопісе “Полымя”. Ягоны верш “Бывай” — гэта свайго роду гімн безнадзейнаму каханню, якое праходзіць праз ягоную творчасць. Гучалі вершы, іх чыталі не толькі вядучыя, а і былыя настаўніцы. Хаця не бывае былых, бо яны ўсё жыццё вучаць. Калі не прадмету, дык жыццю – адназначна.
Творчасць Куляшова – шматгранная. І ўсімі гранямі яна была адлюстравана на вечарыне. Слайды надавалі эмацыйнасці сустрэчы. Тэма вайны – кульмінацыйная частка яго творчасці. І хто ні ведае ягоны верш “Камсамольскі білет”, дзе паэт перадае гераізм народа ў гады вайны, хто ні ведае ягоную паэму “Сцяг брыгады” і многія іншыя, дзе кожнае слова, кожны радок – гэта гімн народу, які не скарыўся ворагу. Да апошняга ён пісаў пра людзей і Беларусь, ён быў, паводле выказванняў ягоных сяброў, лідарам дабра і справядлівасці. Ягонае імя ўвекавечана ў вершах, паэмах, установах адукацыі і культуры і галоўнае – у памяці ўдзячных нашчадкаў. І гэта вечарына была пацвярджэннем вышэйсказаннаму.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий