Убраць хлеб – задача нумар 1

У аўторак прайшло пасяджэнне райвыканкама з удзелам старшынь і галоўных спецыялістаў сельгасарганізацый. На павестку дня выносіліся 27 пытанняў з жыцця раёна. Акцэнтавалася ўвага прысутных на пытаннях гатоўнасці і правядзенні ўборачнай кампаніі ў аптымальныя тэрміны. Як зазначыў старшыня райвыканкама П. І. Найдзен, пачынаючы размову па тэме, гатоўнасць нумар 1 павінна быць ва ўсіх сельгасарганізацыях. Гэткае становішча спраў павінна дамінаваць і ў абслугоўваючых арганізацыях. Павел Іванавіч спыніўся на візіце Прэзідэнта краіны ў Магілёўскую вобласць, дзе ён вёў размову і па ходу ўборачнай кампаніі, падчас правядзення якой запатрабаваў забяспечыць высокую эфектыўнасць па ўсіх накірунках. П. І. Найдзен змяніў фармат правядзення райвыканкама, калі справаздачу трымаў галоўны аграрый раёна. Было прапанавана галоўным спецыялістам райсельгасхарчу на курыруемых галінах зрабіць справаздачы па гатоўнасці да ўборачных работ сельгаскааператываў.
У выніку прагучалі справаздачы Д. А. Борца – начальніка інспекцыі дзяржнагляду, які паведаміў, што 55 камбайнаў не сёння-заўтра выйдуць на палеткі. Зараз ідзе іх абкатка і праверка на герметычнасць, з тым каб прыступіць да ўборкі пры поўнай гатоўнасці. З наяўных камбайнаў 33 будуць задзейнічаны на ўборцы азімага рапса і 22 – насення шматгадовых траў. Уборка апошніх па тэхналагічных нормах мае і такі немалаважны фактар як вільготнасць насення. І гэтую акалічнасць трэба ўлічваць, каб затым не задзейнічаць сушыльныя комплексы. Але ж і яны павінны быць напагатове, бо надвор’е спрагназаваць складана. У. У. Давыдзенка – начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці — спыніў увагу аграрыяў на дзяржзаказе, выкананне якога не абмяркоўваецца.
Ён прааналізаваў гатоўнасць сушыльнай і вагавай гаспадаркі, складскіх памяшканняў, назваў недапрацоўкі на гэты прадмет.
Галоўны бухгалтар райсельгасхарчу Л. М. Янкова давяла да бухгалтарска-эканамічных спецыялістаў пра дакументацыю, якая павінна быць у тых, хто будзе задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі. Начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Ю. У. Рыжова вяла размову на прадмет маральнага і матэрыяльнага стымулявання занятых на ўборцы. Звярталася ўвага і на такі немалаважны фактар стымуляючага характара як экраны ўборкі, якія павінны быць даступнымі хлебаробам, а таксама на тым, што кожны дзень уборачнай павінен быць адлюстраваны на экране працоўнага спаборніцтва і ў гонар пераможцаў на цэнтральнай сядзібе ўзнімацца сцяг гонару.
Ішла размова на выкананне і пра гатоўнасць сталовак, падрыхтоўку палявых дарог, з тым каб пазбегнуць страт зерня, і многае іншае, што ўплывае на рытмічны ход уборачнай кампаніі.
Напрыканцы старшыня райвыканкама заклікаў усіх прысутных адказна паставіцца да ўборачнай кампаніі, на вынік якой працавалі ў прамым сэнсе слова ўсім мірам. І тут слова гаспадарніка павінны сказаць усе, ад каго залежыць канчатковы вынік уборачнай. І ланцуг: поле-вагі-зернеток – павінны працаваць у рытме высокай эфектыўнасці.
У рашэнні, прынятым па гатоўнасці да ўборкі, закладзены механізм выпраўлення недапрацовак і прыцягненне да адказнасці тых, хто дапусціў пралікі ў гэтай рабоце.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий