У Зялёнай Рошчы – цішыня

IMG_1428
Менавіта з такім жыццёвым рытмам сутыкнуліся члены сацыяльна-інфармацыйнага “цягніка” “Забота”, які на працягу многіх год выконвае сваю функцыю ў аддаленых і маланаселеных пунктах раёна. Жыхары такіх вёсак і праз такі “масток” трымаюць сувязь з жыццём раёна. Бо традыцыйна ў складзе “цягніка” бяруць удзел супрацоўнікі розных раённых структур. Пальма першынства пры гэтым – інфармаванасць.
У мінулую пятніцу члены “цягніка” наведалі вёску Зялёная Рошча Свенскага сельскага Савета. І нават крыху былі здзіўлены, што ўсяго толькі адна сям’я: Пётр Сцяпанавіч і Марыя Дзянісаўна Казловы – пражываюць тут. Зусім нядаўна ў вёсцы яшчэ жыў іх аднавясковец, які днямі памёр. І толькі дом напамінае пра колішні там жыццёвы дух.
Як распавядае Пётр Сцяпанавіч, колісь у вёсцы было 54 дамы. Сёння – толькі адзін. Гаспадар і яго спадарожніца – людзі пажылыя. Маюць 5 дзяцей. Але ўсе яны разляцеліся па жыцці. Няма ў іх тэлефоннай сувязі, бо майстры з раёна ніяк не могуць устанавіць прычыну. Але ж гэтая акалічнасць істотна не ўплывае на рытм жыцця Казловых. Ля дома была куча колатых дроў. Сам гаспадар калоў іх. Тут жа пасвіўся дагледжаны конь. Нядаўна купілі. Добры памочнік па гаспадарцы.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. М. Шаўцова паведаміла пра апошнія падзеі, якія адбыліся ў раёне, пазнаёміла з ходам уборачнай кампаніі. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, дзе першай “скрыпкай” была загадчыца аўтаклуба Г. М. Максімава, падарылі сапраўдны песенны падарунак. Ён быў прыемным і ад таго, што спяваў для іх творчы калектыў – ансамбль “Купалінка” Свенскага СДК. У той дзень “цягнік” займеў прыпынак і ў вёсцы Малая Зімніца.
P.S. Перад падрыхтоўкай гэтага нумара газеты пацікавілася ў раённым вузле электрасувязі наконт тэлефона ў Казловых. Як паведаміў начальнік вузла А. У. Мінаў, телефон у Зялёнай Рошчы працуе.
В. ПРОНІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий