Да асабістых падворкаў – з увагай

Чарговая, пятая, сесія раённага Савета дэпутатаў прайшла напрыканцы мінулага тыдня. Пытанні, якія разглядаліся дэпутацкім корпусам з удзелам спецыялістаў зацікаўленых структур, датычыліся надзённых пытанняў, звязаных з жыццядзейнасцю раёна. Усяго на павестку выносілася 4 пытанні. Рэзанансным сярод іх атрымалася тое, дзе размова ішла пра выкананне праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, якая распрацавана ў раёне на 2011 – 2015 гады. З аналізам спраў па гэтаму пытанню выступіў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама М.С. Тарасёнак. Як вынікала з даклада, удзельная вага сельгаспрадукцыі, вырашчанай на прыватных “сотках”, у мінулым годзе склала 18,2 працэнта ад валоўкі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак. Па стану на 1 студзеня ў раёне налічвалася 2880 асабістых падворкаў. І гэта на 57 меней, чым на гэтую дату 2013 года. Прыблізна гэткая тэндэнцыя назіраецца і з жыўнасцю. Кароў толькі 85 працэнтаў або 504 галавы, свіней – 59,9 працэнта, або 1427 галоў, коней – 341 або 86,9 працэнта да адпаведнага мінулагодняга перыяда. Як зазначыў выступоўца, год 10 таму колькасць кароў на прыватным падворку была ў тры разы большай, чым сёлета. Абгрунтаваць такую тэндэнцыю можна як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі прычынамі. Адна з іх, на мой погляд рэальная, заключаецца ў тым, што чалавек, які працуе ў сельскай гаспадарцы, імкнецца разнастаіць сваё жыццё, выслабаняючы сябе ад працы, якой запоўнены працоўны дзень. І калі працуе там годна і мае адпаведны заробак, то хто можа яго ўпікнуць за гэткае стаўленне да жыцця. Немалаважны фактар – змяншэнне сельскага насельніцтва. Але ж ёсць і іншы бок медалю – вырашчанае для сябе заўсёды смачней. І гэтая аксіёма рухала нашым старэйшым пакаленнем, бо насамрэч крамы тады не прапаноўвалі такі спектр смакаты. Як жывёльнага, так і расліннага паходжання.
Сёння вясковец мае права выбіраць. І многія маладыя, як сведчыць статыстыка, выбіраюць не на карысць багатага на жыўнасць падворка. У кім жыве жылка гаспадара, таму і дзяржава імкнецца працягнуць руку дапамогі. Праз розныя даплаты і дапамогу з набыццём кармоў. На рэалізацыю праграмы ў мінулым годзе і 8 месяцаў бягучага са сродкаў рэспубліканскага бюджэта выдаткавана 475,4 мільёна рублёў. І вынік ад гэткай дапамогі адчувальны. Прыватны сектар у 2013 годзе прадаў 1609,6 тоны малака, у бягучым – 919,7 тоны; маладняка буйной рагатай жывёлы – 334 галавы (2013 год) і 265 галоў – за бягучы год. Адпаведна праграмы ў 2013 годзе па 4-ох з 5-ці паказчыках па закупу асноўных відаў прадукцыі насельніцтва выканала ў поўным аб’ёме: малако – 107,5%, бульба – 100%, агародніна – 132,6%, садавіна і ягады – 135%.
Ход выканання праграмы пастаянна трымаецца ў полі зроку як на раённым, так і на мясцовым узроўнях. Штогод вясной гаспадарнік можа набыць насенны матэрыял, сельгасінвентар, адсочваецца сітуацыя па своечасовых разліках за прададзеную сельгаспрадукцыю, забеспячэнню кармамі і г.д. Карацей кажучы, пад увагай трымаецца прыватны падворак наконт дапамогі з боку раённых структур. І, як адлюстравана ў прынятым дэпутацкім корпусам рашэнні, пастаянны маніторынг наконт праблем гаспадарнікаў прыватнага сектара будзе працягвацца, з тым каб своечасова працягнуць руку дапамогі тым, хто займаецца падсобнай гаспадаркай.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий