Заахвочванне – паездка ў цырк

15 кастрычніка ў Беларусі адзначаўся Дзень сельскіх жанчын. Традыцыйна члены нашай суполкі адзначаюць гэты дзень цікавымі мерапрыемствамі. Прэзідыўм вырашыў дзелавых і актыўных членаў заахвоціць паездкай у Гомель і наведваннем цыркавога прадстаўлення. У выніку 27 чалавек, а гэта члены арганізацыі і іхнія дзеці і ўнукі ў мінулую суботу пабывалі ў найпрыгажэйшым горадзе Беларусі і займелі ад паездкі шмат уражанняў. І нават сумеснае наведванне кафэ, дзе сілкаваліся, было занесена ў разрад прыемных зносін, дзе жарты і смех, смачныя пірожныя былі на карысць цудоўнага настрою. Прадстаўленне ў цырку спадабалася ўсім: і дарослым, і дзецям. А Гомель у той восеньскі дзень нібыта быў апрануты ў залатое ўбранне, бо там яшчэ дрэвы так актыўна не скідвалі сваё лісце, як у нашай мясцовасці. Вярталіся дамоў у добрым настроі. Балазе, дзеля гэтага і планавалася экскурсія.
Піражкі на любы густ
Час ад часу члены “Сяльчанкі” наведваюць сваіх калежанак, якія вядуць справу на сваіх падворках і ад якой маюць і фінансавую падпітку сямейнага бюджэта. Як вядома, Таццяна Баранава – не толькі шматдзетная маці, а і майстра па выпечцы кулінарных шэдэўраў. Яе торты, піражкі, булачкі і г.д. прыйшліся даспадобы многім. Таццяна бярэ і заказы на сваю прадукцыю. Члены арганізацыі нядаўна завіталі на Таццянін “агеньчык” смакаты. Мала таго, што падсілкаваліся як мае быць за гаманой і планах, да таго ж і папоўнілі свае кулінарныя кніжкі на новыя рэцэпты, якімі падзялілася гаспадыня. Глядзіш, нехта са сваёй прадукцыяй, не менш смачнай чым у аўтара рэцэпта, выйдзе на гандлёвую прастору. А пакупнікам будзе толькі карысць ад такой перспектывы.
Чужых дзяцей не бывае…
Такой высновы трымаюцца члены арганізацыі, калі наведваюць сацыяльны прытулак у вёсцы Новая Слабада. Таму не прамінуць лішні раз гэтую ўстанову, каб пачаставаць выхаванцаў сваёй выпечкай, наладзіць з рабятамі забаўляльнае мерапрыемства. Вось і на гэты раз, да Дня маці, пабывалі ў рабят, якія па віне сваіх бацькоў апынуліся ў прытулку. Кожная з жанчын, гледзячы на кінутых бацькамі дзяцей, не магла спакойна рэагаваць на сітуацыю. Ад таго толькі мацней прыціскалі да сябе маленькіх выхаванцаў і як мага цяплей гаварылі са старэйшымі рабятамі. Пабывалі і ў бальніцы, дзе праходзілі лячэнне рабяты з прытулка.
В.ПРОНІНА.

Добавить комментарий