Эстафету прыняла Зімніцкая школа

IMG_6215

IMG_6219

IMG_6228

IMG_6245
Як і паведамлялася, ва ўстановах адукацыі раёна праходзіць эстафета “Да 70-годдзя Вялікай Перамогі – 70 слаўных спраў”. Напомнім, што дзве школы — Ржаўская і Васькавіцкая – напісалі свае старонкі, дзе адлюстраваны справы калектываў па увекавечванню памяці пра тую жудасную вайну і яе герояў-вызваліцеляў. І пра справы свае паведамілі ў Кнізе слаўных спраў.
У сераду на базе Зімніцкай базавай школы прайшла цырымонія перадачы эстафеты вучнямі Васькавіцкай школы аднакласнікам з Зімніцкай школы. Мерапрыемства праходзіла ў школьным музеі Вялікай Айчыннай вайны.
Рабяты з абодвух школ у святочным убранні, іхнія настаўнікі ва ўзрушаным стане, бо адчуваюць момант адказнасці за сустрэчу. У школу прыехалі і госці: начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. М. Шаўцова і яе калега Ю. М. Неплашова, старшыня райсавета ветэранаў вайны і працы А. А. Мартынаў, рэдактар раёнкі В. У. Езерская.
Дырэктар школы В. В. Куляшоў прывітаў гасцей школы і запрасіў усіх на сустрэчу, якая пранізана была патрыятызмам і павагай да ветэранаў вайны.
Настаўніца гісторыі І. В. Языкова зрабіла свайго роду экскурсію па музею, акцэнтуючы ўвагу на ягоным стварэнні і тых матэрыялах, якімі з дапамогай наведвальнікаў, родных ветэранаў вайны папаўняецца музей. Шмат гаварыла Ірына Васільеўна і аб ролі гэтага куточка баявой славы, дзе фарміруецца свядомасць навучэнцаў, дзе яны бяруць урокі мужнасці і гераізму, якія праявілі савецкія воіны, мірнае насельніцтва ў гады вайны. І менавіта праз такія музеі рабяты даведваюцца, хто такія партызаны і які ўклад яны ўнеслі ў вызваленне.
Мерапрыемства было акрэслена такім чынам: “А песні ходзяць па вайне”. Менавіта праз песні таго часу перадавалася атмасфера барацьбы з ненавісным ворагам. Урыўкі з песень з дэманстрацыяй фрагментаў кінафільмаў на экране дазволілі нібыта перажыць той час, калі ўвесь народ паўстаў на барацьбу з ворагам. Вельмі ўразіў урывак з паэмы А. Твардоўскага “Васіль Цёркін” у выкананні вучняў 7 класа. Хлопцы ў ваеннай форме нібыта на прывале, дзе гарыць касцёр, абмяркоўваюць ваенныя атакі. Ролю Цёркіна ўдала выканаў Арцём Лукашкоў, за што яму вялікі рэспект. Вельмі ўразілі і выступленні вучняў, якія нібыта былі родам з даваеннага часу і імкнуліся перадаць свае адносіны да вайны. Іншым разам нават верылася, што яны з тых гадоў родам, бо столькі трывогі і болю за лёс сваёй краіны перадаць у юным узросце складана. Трэба гэта перажыць. І яны перажывалі, няхай і гіпатэтычна.
Дырэктар школы В. В. Куляшоў пад акампанімент акардыёна, якім віртуозна валодае А.Ф. Забенін, праспяваў песню “Венскі вальс”. Прыпеў спявала зала, праўда, яе старэйшае пакаленне.
Перадача Кнігі слаўных спраў адбылася ва ўрачыстай абстаноўцы. Завуч Васькавіцкай школы І. М. Флёрык уручыла яе дырэктару Зімніцкай школы і падзякавала за цудоўнае падарожжа ў краіну песні, якая, паводле выказвання дырэктара школы, падымала воінаў у атаку, заклікала на барацьбу з ворагам і была іншым разам мацней за зброю. А. М. Шаўцова падзякавала за мерапрыемства і пажадала поспехаў школе ў выхаванні сапраўдных патрыётаў. Затым быў прыём для васькавіцкіх рабят ад зімніцкіх. За “салодкімі” сталамі ішоў абмен думкамі. І, як адзначыў дырэктар школы, набыць салодкасці для гасцей дапамог старшыня гаспадаркі В. А. Салодкін, які да праблем школы павярнуўся тварам у прамым сэнсе слова.
Па заканчэнні мерапрыемства рабяты двух школ усклалі кветкі да помніка, у якім пахаваны вядомы і два невядомых салдаты. Былы завуч школы Галіна Міхайлаўна Юрчанка расказала пра ваенныя падзеі, якія разгортваліся ў вёсцы Зімніца ў той час, аб тых ахвярах, якія ляглі на полі боя дзеля незалежнасці нашай краіны.
Уважліва слухалі рабяты сповед настаўніцы. І, упэўнена, кожны з іх у гэты момант адчуваў гонар за людзей, якія паклалі на алтар Перамогі сваё жыццё, але не скарыліся ворагу. Кветкі ляглі да помніка, мінута маўчання сімвалізавала памяць, якая жыве ў сэрцах рабят. І гэтая памяць абавязкова знойдзе сваё адлюстраванне ў справах і ў Кнізе слаўных спраў.
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий