Чалавек на сваім месцы

IMG_3082
Механізатар СВК “17 партз’езд” Мікалай Мікалаевіч СТАРАМЕЛЬНІКАЎ цяжкасцяў вясковага жыцця не баіцца. Нарадзіўся і вырас у Шаламах. З малых гадоў ведае, што без працы і рыбы з сажалкі не выцягнеш. Таму пасля школы, атрымаўшы прафесію ў ПТВ-219, тры месяцы праходзіў практыку ў мясцовай гаспадарцы. Тэрміновая служба праляцела хутка. Пасля дэмабілізацыі працаваў у сельгасхіміі. Але цягнула маладога чалавека да зямлі. І вось ужо больш за дзесяць гадоў шчыруе ў СВК.
Апрацоўка глебы, пасеваў, іншыя работы яму ўдаюцца паспяхова. “Іншага рэжыма акрамя максімальнай самааддачы па рабоце і не ўяўляю. Таму гэты рытм – поўнае і своечасовае выкананне ўсіх агратэхнічных норм, загадаў кіраўніцтва – для мяне аксіёма”, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч.
Кіраўніцтва СВК “17 партз’езд” высока цэніць гэтага працаўніка. Гэта надзейны руплівец, з прынцыповым стаўленнем да жыцця, працы.
А дома – гэта гаспадар з не меншымі абавязкамі. Жывёла і птушка, агароды – на ўсё гэта ён затрачвае таксама шмат сіл. Падтрымку бачыць у жонцы Алёне, якая акрамя статуса жонкі, яшчэ і аднадумца, і памочнік. А яшчэ іх шчасце ў дзецях. 10 лістапада Алёна ў чарговы раз зрабіла Мікалая Мікалаевіча шчаслівым бацькам, нарадзіўшы дачушку.
Сярэдняй дачушцы Кацярыне ў лютым будзе тры гады. Старэйшая Насця – першакласніца.
Традыцыйна руплівец на рабоце, сапраўдны гаспадар дома, пазбаўлены вольнага часу. Але да тэхнікі прыкласці рукі любіць. А ў марах яго – рыбалка. “Але гэтага пакуль дазволіць сабе не магу: шкада часу”, — усміхаецца Мікалай Мікалаевіч.
Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі да прафесійнага свята, упэўнены, красамоўна сведчыць, што чалавек гэты – на сваім месцы і робіць усё правільна.
Зычым Мікалаю Мікалаевічу доўгіх год жыцця, працоўных перамог і дабрабыту ў сям’і.
Тэкст і фота
Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий