Сціплы чалавек, сумленны працаўнік

IMG_3086
Аляксандр Пятровіч МЕЛЬНІКАЎ нарадзіўся і вырас у Лапацічах. Школа, армія, вучоба ў ДТСААФ.
Вадзіцельскае пасведчанне было да месца ў арміі. Вадзіцельскі стаж Аляксандра Пятровіча пачаўся ўжо там. На сёння ён пераваліў за трыццацігадовы адрэзак. У СВК “Жалезінскі” гэты вадзіцель шчыруе тры дзесяткі год. І кожны з іх – поўны працоўных перамог, руплівай працы, высокай самадысцыпліны. Ягоны “железный конь” ГАЗ-53 больш за 25 год “на хаду”. А гэта красамоўна сведчыць, што і рукі ў вадзіцеля, як кажуць, растуць адкуль трэба. “Бо мая работа непазыўна ад аўтамабіля”, — адзначае Аляксандр Пятровіч. Яно і зразумела: задзейнічаны вопыт і працавітасць ягоныя на ўсіх этапах сельгасработ. З вясны да пачатку зімы яго “газон” ажыццяўляе грузаперавозкі. Пасяўная страда, апрацоўка пасеваў, жніво: на кожным участку Аляксандр Пятровіч зарэкамендаваў сябе працаўніком-прафесіяналам, чалавекам сумленным, добрым сябрам, моцным сем’янінам.
Жонка Аляксандра Пятровіча Таццяна Васільеўна працуе ў гэтай жа гаспадарцы. Сын Дзмітрый – у райаддзеле ўнутраных спраў.
Акрамя работы ў СВК хапае абавязкаў і па хатняй гаспадарцы.
Жывёла, птушка, агарод – усё гэта патрабуе немалых фізічных затрат. А калі з’яўляецца часіна вольная – любіць за крыжаванкай мозг патрэніраваць. Любіць па лесе пахадзіць. У рэдкі час без грыба і ягады вяртаецца дадому.
“Раскруціць”, так бы мовіць, на гутарку Аляксандра Пятровіча было няпроста. Гучным славам, хвальбе ён выбірае сумленную працу, добразычлівасць да людзей, жыццё сваё не бачыць без звычайных каштоўнасцей: сям’я, работа.
Ад таго не мог быць ён не заўважаны пры выбары кандыдатаў на ўзнагароджванне да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
Грамата камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама — заслужаная ўзнагарода гэтаму працаўніку.
Пленнай працы Вам, Аляксандр Пятровіч.
Ул.РЫЖАНКОЎ.

Добавить комментарий