Выплата заробка – святое…

Гэткі лейтматыў прагучаў для кіруючага звяна АПК раёна на чарговым пасяджэнні райвыканкама.
Пасяджэнне прайшло ў панядзелак пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама П. І. Найдзена. На павестку дня выносіліся 29 пытанняў, звязаных з жыццядзейнасцю раёна. Першае з іх разглядалася з удзелам кіруючага эшалона аграпрамысловага комплекса раёна. Яно датычылася выканання заданняў па росту заработнай платы, своечасовасці яе выплаты, разлікаў за спажытыя энергарэсурсы, ліквідацыі крэдыторскай запазычанасці ў сельгасарганізацыях раёна.
Ва ўступным слове старшыня райвыканкама агучыў наступную інфармацыю: у сельгаскааператыве “Жалезінскі” за верасень цалкам заробак не выплачаны своечасова. Гэтая інфармацыя прайшла на абласной статсправаздачы, што пацягнула за сабой адпаведныя “разборкі палётаў”. Але ж не гэта галоўнае. Галоўнае – гэта людзі, якім не выплачана заробленае. Менавіта гэты “інцыдэнт” быў пакладзены ў аснову размовы, з тым каб не дапусціць падобнае ў іншых гаспадарках. Наколькі ў апошніх ёсць крыніцы для выплаты чарговага заробка і праплат за энерганосьбіты, што трэба неадкладна зрабіць, калі яны, гэтыя крыніцы, не прасочваюцца на сённяшні дзень, роля спецыялістаў гаспадарак у гэтай архіважнай справе – на гэтым акцэнтавалася ўвага падчас пасяджэння.
З аналізам па стану жывёлагадоўчай галіны, якая ў дадзены перыяд пастаўляе жывыя грошы ў казну гаспадарак, выступіла начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Ю. У. Рыжова. Акцэнт пры гэтым быў скіраваны ў выніковую стадыю працы галіны – наяўнасць наяўных на рахунку гаспадарак. Як у рэжыме рэальнага, так і гіпатэтычнага.
У сельгасгаліне раёна на 1 верасня працавала 1235 чалавек, што на 54 працаўніка менш з адпаведным мінулагоднім перыядам. І гэтая тэндэнцыя мае пад сабой глебу, бо ў сельгасарганізацыях павышаецца ўзровень механізацыі, немалаважным фактарам з’яўляецца і адносна нізкі ўзровень працы, што вымушае людзей шукаць больш высокааплатную працу. Але ж не сакрэт, што ў тым жа “Прывольным” лепшыя даяркі атрымоўваюць заробак і за 5 мільёнаў рублёў. Увогуле ж сярэдні заробак за 9 месяцаў на АПК склаўся ў суме 3748 тысяч рублёў пры даведзеным заданні 3562 тыс. рублёў. Але ж у такіх гаспадарках як “Жалезінскі” і ААТ “Прысожжа” гэты паказчык склаўся на ўзроўні 89,1 і 84,3 працэнта адпаведна. Удзельная вага заробка ў агульным аб’ёме выручкі ад рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг склала па раёну 23,3 працэнта, што на 10,7 працэнта ніжэй мінулагодняга. Але ж у ААТ “Прысожжа” – 40,9; райаграпрамтэхніцы – 35,9; у СВК “Заранскі” і “Лясная” – 30,5 працэнта. А калі залічыць абавязковыя адлічэнні ў Фонд сацабароны насельніцтва, то па раёну гэты паказчык склаў 35,3 працэнта, па вышэйпералічаных сельгасарганізацыях адпаведна – 52,7, 46,3 і 39,4 працэнта.
Крэдыторская запазычанасць сельгасарганізацый раёна на 1 кастрычніка склала 226 мільярдаў рублёў і да студзеня бягучага года павялічылася на 48 мільярдаў рублёў. Найбольшы рост яе ў “Жалезінскім” – 75,6 працэнта; “Лясная” – 48,3; “Наша Радзіма” – 48,4 працэнта. Пратэрмінаваная запазычанасць складае 27 мільярдаў рублёў і да студзеня бягучага года павялічылася амаль на 9 мільярдаў рублёў. І зноў жа свой “уклад” у гэткі фінансавы калапс унеслі тыя ж, вышэйпералічаныя гаспадаркі. Прагучала ў дакладзе і такая лічба: “даўгавая яма” сельгасарганізацый раёна складае 405,9 мільярда рублёў, што перавышае выручку ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг у 3,3 разы. Выручка за 9 месяцаў склала 164,9 мільярда рублёў. Яна павялічылася да адпаведнага мінулагодняга перыяда, але, як бачна, вялікага “надвор’я” не зрабіла, каб закрыць усе фінансавыя “дзіркі”.
Не аднойчы гучала ў дакладзе, што трэба жыць па сродках. І гэтая аксіёма мае пад сабой глебу для такіх як СВК “Прывольны”, “17 партз’езд”, дзе і надой на карову самы высокі – 4319 кг і 4934 кг адпаведна, пры тым што па раёну сярэдні ўзровень надоя за 10 месяцаў слаў ад 2471 кг да 3875 кг і дзе эканоміку вядуць адпаведна прададзенай прадукцыі. Гучала ў дакладзе і такая інфармацыя: у некаторых гаспадарках мае месца рост заробка, які не падмацаваны ростам сельгасвытворчасці. У 4-х гаспадарках з выплатай заробка фіксаваліся затрымкі, што супярэчыць калектыўным дагаворам. Гучалі і прагнозы адносна рэалізацыі прадукцыі і фонда заробка, які прадстаіць выплаціць. На жаль, баланс яго не на карысць заробка. Пры тым што і за спажытыя энергарэсурсы, крэдыты, іншыя абавязковыя праплаты таксама патрэбна плаціць.
Як зазначыў старшыня райвыканкама, выслухаўшы галоўных эканамістаў гаспадарак па сітуацыі з выплатай чарговага заробка, вытворчыя рэзервы ў гаспадарак ёсць, патрэбна іх толькі задзейнічаць як след. І лакаматывам тут павінны быць спецыялісты. А што датычыцца выплаты заробленага, то гэты працэс трэба адрэгуляваць такім чынам, каб пазбягаць сітуацыі цэйтнота.
В. УЛАДЗІМІРАВА.

One thought on “Выплата заробка – святое…

  1. Административных мер недостаточно, чтобы вытянуть проблемные СПК из ямы. На земле должен быть Хозяин. Было бы больше пользы, если хронически убыточные СПК передавали в частные руки, а не «тянули» за счет бюджета, давая льготные кредиты а потом их списывали.

Добавить комментарий