Параметры абаронены. За працу!

У мінулы аўторак кіруючы эшалон раёна трымаў ў поўным сэнсе слова экзамен на здольнасць павесці за сабой працоўныя калектывы, на чале якіх працуюць, з мэтай дынамікі як у вытворчасці, так і росце заробка. Раён абараняў параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2015 год, якія напярэдадні новага года былі зацверджаны на ўзроўні мясцовай улады. Параметры тыя не былі, так бы мовіць, узяты са столі, а сталі скрупулезным аналізам прайшоўшага года і бачаннем перспектывы, без якой пра заможнасць складана весці размову. Прагнозныя паказчыкі, паводле высноў старшыні райвыканкама П.І.Найдзена, намечаны амбіцыйныя, але рэальныя. Праўда, пры адной умове: кожны калектыў і ягоны кіраўнік найперш лічбы на паперы падмацуюць сваёй актыўнай працай, пачынаючы з першых дзён новага года.
У пасяджэнні райвыканкама бралі ўдзел члены рабочай групы, створанай распараджэннем губернатара вобласці У. В. Даманеўскага. Узначаліў групу старшыня аблсавета дэпутатаў А. М. Ісачанка. У склад групы ўвайшлі адказныя спецыялісты аблвыканкама па розных накірунках жыццядзейнасці.
Як будзем жыць у 2015, якія падставы ёсць, каб гэты год стаў для народнай гаспадаркі раёна плённым і, адпаведна, каб узровень жыцця працаздольнага насельніцтва займеў пазітыўную дынаміку, наколькі сацыяльная сфера будзе забяспечана фінансавымі выдаткамі, а значыць будуць у прывычным рэжыме функцыянаваць установы аховы здароўя, адукацыі і г.д., наколькі сферы народнай гаспадаркі саарыентаваны аказваць у поўным аб’ёме паслугі насельніцтву і зарабляць грошы, каб развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу, і на многае іншае, што дазволіць раёну ісці наперад, — усе гэтыя пытанні былі ў аснове справаздач кіруючага эшалона раёна. У прыватнасці, пра перспектыву развіцця сельскай гаспадаркі паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама К. А. Жыгуцкі.
Як прагучала, у гэтай галіне плануецца рост заробака ў 20-25 працэнтаў да мінулага года. Выступоўца прывёў вытворчыя параметры, выканане якіх дазволіць гэтай лічбе надаць рэальнасць.
Эканамічныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на бягучы год – тэма выступлення намесніка старшыні райвыканкама Н. П. Брылёвай. Прагноз па ўводу жылля агучыла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама А. Р. Паўлючэнка. Сацыяльную сферу прадставіла намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская. Пра даходную і расходную часткі раённага бюджэта паведаміла начальнік фінаддзела райвыканкама А. В. Аляксеева.
Канструктыўны дыялог, які адбыўся паміж выступаючымі і членамі рабочай групы, быў скіраваны ў рэчышча жыццяздольнасці прыведзеных сацыяльна-эканамічных параметраў.
Як зазначыў А. М. Ісачанка, за кіруючым эшалонам раёна стаяць людзі, сем’і, дзеці. Бюджэт на бягучы год напружаны. І разуменне гэтай акалічнасці павінна прыводзіць у стан высокай працаздольнасці занятых у эканоміцы, бо аксіёму, што ў аснове ўсяго – эканоміка, жыццё пацвярджае як найлепш. Таму – за працу. І пры тым – руплівую!
В. УЛАДЗІМІРАВА.

Добавить комментарий