Законам прадугледжана…

IMG_7968
У кожнага чалавека час ад часу ўзнікаюць пытанні, вырашэнне якіх залежыць ад розных структур. Іншым разам пры гэткай сітуацыі ўзнікае разгубленасць: у якія “дзверы” пастукацца з мэтай іх вырашэння. Наша чарговая сустрэча з начальнікам аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Г. У. ДЗЕМ’ЯНКОВАЙ выклікана з мэтай даведацца пра навацыі, якія адбыліся за апошні час у рабоце са зваротамі грамадзян.
—Ганна Уладзіміраўна, пра якія навацыі павінны ведаць нашы чытачы, перш чым звярнуцца ў Ваш аддзел?
—Думаю, што механізм вырашэння зваротаў грамадзян многія жыхары раёна няблага ведаюць. Хацелася б звярнуць увагу, што мы зараз працуем без перапынку на абед – з 8 да 17 гадзін. Такім жа чынам працуюць і жыллёва-камунальны, эканомікі, архітектуры і будаўніцтва аддзелы, упраўленне па працы, занятасці і сацабароне, раённы цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва. Гэтае новаўвядзенне дазваляе грамадзяніну і ў абедзенны перапынак звярнуцца да нас.
На апошнім хацелася б засяродзіць увагу вось у якім накірунку. Перш чым звяртацца, напрыклад, у райвыканкам або ў вышэйшую інстанцыю з пытаннем, скажам, камунальнай прыналежнасці, трэба найперш звярнуцца ў той жа УКП “Жылкамгас”. І калі там аператыўна не срэагуюць на ваш запыт, які, дарэчы, павінны мець пад сабой абгрунтаванасць, тады ўжо неабходна звярнуцца ў райвыканкам. Вось тут трэба ўсім ведаць, а некаму ўспомніць, што існуе пры райвыканкаме аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. На ягонай базе створана юрыдычная структура “Адно акно”, прынцып работы якой заснаваны на тым, каб грамадзянін быў пазбаўлены бегатні па розных інстанцыях, вырашаючы свае жыццёвыя праблемы. Кожны чалавек можа пра работу “Аднаго акна” даведацца і праз інфармацыйныя стэнды, устаноўленыя на першым паверсе ў фае райвыканкама. Дарэчы, інфармацыю на гэты конт можна атрымаць і на сайце райвыканкама.
Дадам і пра тое, што на вырашэнне адміністрацыйных працэдур вызначаны тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам. Гэтаксама звяртацца да нас можна не толькі пасрэднасцю наведвання аддзела, а і праз тэлефонную сувязь (2-42-08, 142). Адкажам на вашы пытанні, сарыентуем адносна вашага звароту ў інстанцыю па прыналежнасці пытання.
—Дарэчы, давялося стаць сведкай апошняга, калі заглянуўшая ў ваш кабінет запытала, куды ёй трапіць на прыём да начальніка райсельгасхарчу. Цікавым, на мой погляд, будзе і пытанне, звязанае з ажыццяўленнем адміністрацыйных працэдур. Нейкія змены тут адбыліся?
—Так, 4 снежня 2014 года ўбачыў свет Указ Прэзідэнта нашай краіны №556, згодна з якім ва Указе №200 ад 26 красавіка 2010 г. “Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржорганамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян” адбыліся некаторыя змяненні і дапаўненні.
У прыватнасці, звярну на вось якіх асаблівую ўвагу: забараняецца патрабаваць ад грамадзян прадастаўлення дакументаў або звестак за выключэннем: дакументаў, якія пацвярджаюць асобу грамадзяніна; пацвярджаюць паўнамоцтвы грамадзяніна; пацвярджаюць згоду грамадзяніна на прадстаўленне па запыту ўпаўнаважанага органа іншымі дзяржорганамі, іншымі арганізацыямі неабходных для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры дакументаў або звестак, якія ўтрымліваюць інфармацыю, якая датычыцца грамадзяніна і адносіцца да ахоўваемай законам тайны, калі грамадзянін не прадаставіў такія дакументы або звесткі самастойна. Калі за адміністрацыйную працэдуру або за выдачу запрошваемых упаўнаважным органам дакументаў прадугледжана плата, грамадзянін робіць гэта самастойна і з квітанцыяй аб аплаце звяртаецца ў орган, дзе праходзіць выкананне адміністрацыйнай працэдуры. Без апошняга, аплаты, ваша заява не будзе разглядацца.
—І вось такое пытанне як чарговасць на паляпшэнне жыллёвых умоў. Тут што-небудзь змянілася?
—Хіба толькі тое, што ўсе, хто стаіць на чарзе ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама на паляпшэнне жыллёвых умоў, павінны прадастаўляць у аддзел інфармацыю на прадмет змены састава сям’і, калі такое мае месца быць. Рабіць гэта трэба адразу ж, не адкладваючы той жа факт сямейнага папаўнення або наадварот. Гэта патрэбна для таго, каб затым, калі падыйдзе чарга, пазбегнуць юрыдычных праблем.
—У чарговы раз дзякую за размову, якая павінна стаць свайго роду лікбезам у плане нормаў заканадаўства. Мяркую, са мной пагадзяцца многія чытачы, хто жыве і працуе ў адпаведнасці з гэтымі нормамі.
Правяла
В. УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий