“Новыя імёны Беларусі” –

IMG_8465
пад такой назвай у рамках Года моладзі праходзіць рэспубліканскі вакальны конкурс сярод працуючай моладзі. На мэце конкурса, ініцыяванага Саветам федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства культуры, мяркуецца прыцягнуць маладых людзей да праяўлення сваіх здольнасцяў у культурным жыцці, выхаванне пачуцця патрыятызму, аб’яднанне людзей на ніве творчасці. Бо таленты іншым разам вызначаюцца сціпласцю і на вялікую сцэну выйсці не маюць магчымасці. Такія конкурсы, калі праяўленне творчасці пачынаецца сярод сяброў і знаёмых, — сродак быць заўважаным.
Раённы этап конкурса, арганізаваны раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы? культуры і па справах моладзі райвыканкама, прайшоў 18 лютага ў кінатэатры “Радзіма”. 16 прэтэндэнтаў на выхад у другі этап конкурса – абласны, дэманстравалі свае вакальныя здольнасці. Старшыня журы намеснік старшыні райвыканкама С. А. Езерская прывітала ўдзельнікаў конкурса са значымай падзеяй у іх жыцці і пажадала найярчэй праявіць сябе, гледачам — атрымаць асалоду ад адчутага і ўбачанага на сцэне. Зрэшты зазначым, што склад журы быў такім, каб не толькі прафесіяналізм выканання вызначыць, а і такую немалаважную сцэнічную норму як харызма. Бо менавіта праз апошняе адбываецца кантакт выканаўцы з гледачом.
Геаграфія ўдзельнікаў конкурсу таксама ўразіла: мала якая сфера не была прадстаўлена на сцэне. Праўда, усё ж такі дамінавалі пры гэтым сферы адукацыі і культуры. Але ж было прыемна, што і камунальная служба вылучыла свайго ўдзельніка.
Рэпертуар песень быў разнастайным, дадатна, што тэма вайны не была абыйдзена ўвагай, што вельмі віталася і гледачамі.
Падвядзенне вынікаў праходзіла ў атмасферы зацікаўленасці таго, каб годна прадставіць раён на абласным этапе конкурса. Тры ўдзельнікі былі названы пераможцамі раённага этапа конкурса: Алена Бодзікава (Зімніцкая школа); Купрэева Наталля (РЦК і НТ) і Таццяна Нядзюхіна (СШ №1). Пераможцам С. А. Езерская і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў С. М. Дзенісенка ўручылі дыпломы і каштоўныя падарункі. Не засталіся без прызнання ўсе вакалісты — яны атрымалі сертыфікаты ўдзельніка конкурсу і сувеніры.
Пераможцы раённага этапа рэспубліканскага конкурсу будуць адстойваць гонар раёна на абласной сцэне ў сакавіку. Жадаем ім і там выступіць гэтак жа годна.
В.УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий