Фестываль праектаў

Школа, дзіця, сям’я… Ключавая фраза ў сферы адукацыі. Кожная школа знаходзіць свае шляхі збліжэння з сям’ёй. І наша школа ў дадзеным накірунку не выключэнне.
Упершыню ў нашай школе быў праведзены фестываль вучнёўскіх праектаў. Свае даследванні прадставілі вучні, бацькі, класныя кіраўнікі 1,4, 6 класаў. Так, прэзентаваць сваю работу – гэта заўсёды нялёгка, а калі яшчэ ў зале сярод прысутных – настаўнікаў, вучняў школы, іх бацькоў – знаходзяцца прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі, спорта і турызма, то гэта хваляванне ў шмат разоў павялічваецца. Як, зрэшты, і адказнасць.
Добрай падтрымкай для самых маленькіх канкурсантаў – першакласнікаў – былі, канешне ж, самыя блізкія для іх людзі – матулі. Рабяты тры месяцы працавалі пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Марозавай Аксаны Уладзіміраўны над праектам “Зімуючыя птушкі нашага краю”. Яны даследвалі, якія птушкі зімуюць у нашай мясцовасці. Вывучалі матэрыял у бібліятэцы. Сумесна з бацькамі зрабілі кармушкі для птушак. Дзеці назіралі за птушкамі, малявалі малюнкі, рыхтавалі паведамленні, рабілі сваімі рукамі кніжкі-малышкі… Праца была зроблена вялікая. І вынік выдатны – 1 месца, бясспрэчна, журы аддало самым маленькім даследчыкам.
Навучэнцы 4 класа разам са сваім настаўнікам Раманавым Сяргеем Уладзіслававічам даследвалі шакалад у праектнай працы “Аб карысці і шкодзе шакаладу”. Увазе прысутных быў прадстаўлен відэаролік аб тым, як прыходзіць шакалад на магазінныя паліцы. Але ж як гаварыць аб шакаладзе, не пасмакаваўшы шакаладнай пліткі? Прэзентацыя завяршылася дэгустацыяй шакаладу. Журы ацаніла работу вучнёўскага калектыву на 3-е месца.
Сталярэнка Сяргей, вучань 6 класа, прэзентаваў сваю работу ў рамках праекта “Старынныя меры даўжыні ў прыказках і прымаўках” пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Мартынавай Надзеі Міхайлаўны. Да даследчай работы былі далучаны і бацькі Сяргея. Яны ўсёй сям’ёй вымяралі свой рост, даўжыню крока, адлегласць паміж тэлеграфнымі слупамі ў аршынах, локцях, сажнях. Вынік работы – 2-е месца.
На пытанне, што дала вам праектная дзейнасць, настаўніца першаклашак Аксана Уладзіміраўна адказала:
—Работа над праектам дазволіла зрабіць пазнаваўчы працэс для вучняў цікавым і матываваным. Дзеці лепей засвойваюць матэрыял у час сумеснага пошуку вырашэння праблем. У іх развіваюцца творчыя здольнасці і камунікатыўныя навыкі. Радасць ад поспеху фарміруе ў дзяцей упэўненасць ва ўласных сілах, пабуджае да далейшага пошуку.
Адказ настаўніка пацвердзілі і вучні, якія з гонарам запэўнілі, што будуць працягваць даследчую работу. Толькі з тэмай пакуль што не вызначыліся. Вось такія ў нас першакласнікі!
Напрыканцы хочацца ўспомніць мудрае выказванне: гаспадар можа падвесці каня да ракі, але піць з яе ваду не прымусіць. Нашы педагогі не толькі змаглі зацікавіць вучняў, павесці за сабой, але і навучылі самастойна працаваць над даследваннямі сумесна са сваімі бацькамі.
К. БОНКІНА,
настаўнік рускай мовы
і літаратуры ДУА “Ржаўская базавая школа”.

Добавить комментарий