“Прайшла па жыцці не курсівам…”

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
9 дзён. Менавіта столькі няма сярод жывых Валянціны Уладзіміраўны Езерскай. Чалавека, які сваім існаваннем змог пераканаць, што кожны чалавек – гаспадар і кіроўца свайго жыцця.
Нарадзілася Валянціна Уладзіміраўна ў простай сям’і, чацвёра дзяцей у якой з самага маленства былі прывучаны да працы. Ніякіх паслабленняў на ўзрост не рабілася, і кожны меў свае абавязкі па гаспадарцы. Што, па словах Валянціны Уладзіміраўны, выкараніла лайдацтва як з’яву нават са свядомасці. Фізічная праца амаль круглы год разам з выдатнай вучобай у школе пераўтварылі маленькую Валянціну ў нардычную, самадастатковую асобу, гатовую за справядлівасць і вяршэнства праўды ісці насуперак любому. Ад чаго і атрымлівала неаднаразова “нагоняй”. Але да апошніх дзён жыцця сваім ідэалам і прынцыпам не змяніла.
Асабістае жыццё Валянціны Уладзіміраўны – тэма асобная. Не ўсё ў ім ішло як яна хацела б. Але і тут вінаватых не шукала. А сашчапіўшы зубы ішла далей: выхоўвала дваіх дзяцей, расла як спецыяліст, атрымліваючы вышэйшую адукацыю.
Работа ў рэдакцыі раённай газеты, якой яна аддала 45 гадоў, вядомая гэтаму чалавеку не па чутках. Яна ад карэктара прайшла шлях да галоўнага рэдактара. І шлях гэты не быў простым. У розныя гады розныя людзі кіравалі выданнем, працавалі ў ім. І ў асноўнай большасці гэта былі людзі апантаныя журналістыкай, рэдакцыйным жыццём. Таму ў калектыве ва ўсе часы слова Валянціны Уладзіміраўны, яе меркаванне на той ці іншы факт з’яўляліся, лічы, безапеляцыйнымі. Бо жыццёвая мудрасць, багатыя веды і нярэдка інтуіцыя неаднаразова пацвярджалі ў гэтым чалавеку лідара, аўтарытэта.
Матчына мова. Менавіта такой для гэтага чалавека была мова Янкі Купалы і Якуба Коласа. Упэўнены, не памылюся, калі адзначу, што ўзровень валодання мовай Валянціны Уладзіміраўны не дасягнуты ў раёне. Яе выступленні на не заўсёды багатых на эмоцыі пасяджэннях нібыта мянялі карціну. Яна валодала аўдыторыяй. Умела, не перабольшваючы, не спекулюючы. Яна ўмела пераканаць, але не траўміруючы, не абражаючы апанента. Ад таго суразмоўцаў у яе было бясконцае мноства. Яна лёгка знаходзіла агульную мову з “цяжкім” падлеткам і нярэдка магла падказаць нешта людзям нават сталага ўзросту. У яе працоўным кабінеце рэдка было ціха, адзінока… Было…
Апошняе, аб чым Валянціна Уладзіміраўна турбавалася, гэта было яе здароўе. Праца, сям’я, агарод… А рамонт, які стаў “ притчей во языцех”, увогуле забраў яе амаль поўнасцю апошнія 10 гадоў.
Тым не менш, нават самыя сільныя людзі хварэюць. Здарылася так і з ёй. Нібыта гром у ясным небе прагучаў вердыкт медыкаў. Анкалогія. Гэты жахлівы тэрмін усё часцей гучыць у грамадстве, сродках інфармацыі. Усё больш людзей ён забірае ад нас. Нягледзячы на пол, узрост, статус. Нярэдка своечасовая барацьба з гэтай хваробай дае свой плён. Але не ў выпадку Валянціны Уладзіміраўны. Літаральна за тры месяцы не стала чалавека. Чалавека, які па запалу і энергіі мог абыйсці на дзясяткі гадоў маладзейшых. Яна была нібыта той жывы агеньчык, які ў любой кампаніі, аўдыторыі раскрываўся і ўжо цэлым вулканам утрымліваў увагу людзей. Яе хацелася слухаць. І слухалі ўсе. Не ўсе, праўда, пачулі.
Апошнія гады ёй давялося весці нябачную вайну з чалавечай пачварай, плёткамі. Ёй амаль у адзіночку прыходзілася даказваць, што чорнае – гэта чорнае, а чалавек павінны быць чэсным. Не ўдалося. Не даказала, не змагла. Так і ў апошнія дні казала: “Бог міласцівы, ён усіх любіць, усім даруе…” Не ўмела скардзіцца, лаяцца, адстойваць яўнае. Дый і не хацела. Стамілася…
Пра гэтага чалавека можна пісаць бясконца. І для гэтага не трэба мець навыкаў ці таленту. Дастаткова проста было ведаць яе. Валянціна Уладзіміраўна дала людзям шмат парад і жыццёвых накірункаў. Кола людзей, якія мелі магчымасць сябраваць з ёй, настолькі шырокае і вялікае, што выходзіць далёка за межы Беларусі. Пра яе памятаюць. І мне, як чалавеку, якому яна даверыла кіраваць раёнкай, яе сыну, вельмі прыемна, што ў мяне быў такі настаўнік, кіраўнік, такая маці.
Я перакананы, што памяць пра гэтага светлага чалавека будзе жыць у сэрцах многіх людзей.
Яна гэта заслужыла!
Ул. РЫЖАНКОЎ,
рэдактар раённай газеты “Прысожскі край”.
Фота з сямейнага архіву

Добавить комментарий