На світанку

Хлопцы паставілі перамёт і ўлягліся на кажушок каля вогнішча. Спаць не хацелася. Ляжалі моўчкі, узіраючыся ў зорнае неба. Віктар уздыхнуў і летуценна загаварыў:
—Заўтра нядзеля… Праз месяц чамаданчык у рукі і ў Бабруйск на цягнік, а праз пяць дзён, калі ласка, выходзь, прыехалі – Алапаеўск! А навокал тайга. Уральскія горы. А праз чатыры гады ў кішэні дыплом тэхніка-геолага! Ведаеш, Валодзя, Уральскія горы – гэта яшчэ далёка не даследаваная таямнічая скарбонка карысных выкапняў, дзе ўсё, што захочаш, ёсць! Дакументы ўжо там – заказным адаслаў два тыдні таму… аўтабіяграфію напісаў. Ты калі-небудзь пісаў аўтабіяграфію?
Валодзя адмоўна крутануў галавой.
– А ведаеш, як яе пісаць трэба?
—Звычайна, бярэш аркуш паперы, ручку і пішаш…
—Каб жа яно было так! Я, ведаеш, колькі над ёй сядзеў, колькі паперы сапсаваў, пакуль атрымалася, а ты кажаш – “звычайна”! Гэта калі хто пражыў шмат гадоў, а мне што пісаць? Нарадзіўся 27 мая 1926 года, у 1933 годзе пайшоў у школу, у студзені гэтага года прынялі ў камсамол, у чэрвені закончыў восем класаў – вось і ўся біяграфія!
—Ну дык і што? Што ёсць – тое і пішы…
—Ага, “ну дык што”! Ва ўмовах аб прыеме ў тэхнікум гаворыцца, што аўтабіяграфія павінна быць на адным аркушы! Хацеў бы я паглядзець, як ты гэта зробіш! Я і вялікімі літарамі спрабаваў пісаць, а ўсё адно нічога не атрымалася. Як толькі дайду да слоў “У сорак першым годзе скончыў восем класаў сярэдняй школы нумар адзін у гарадскім пасёлку Глуск” – далей ні з месца! Ведаеш, так раззлаваўся, што нават страшна зрабілася! Гэта што ж атрымлівацца? Праз тое, што не магу напісаць усяго адзін аркуш уласнай біяграфіі – не прымуць у тэхнікум? І напісаў!
Валодзя з недаверам спытаў:
—Як гэта: то ніяк не мог, а то раптам – раз і напісаў?
—Ты што, не верыш мне? — прыўзняўся Віктар. Тады слухай!
Ён сеў, зрабіў глыбокі ўздых і пачаў:
—Аўтабіяграфія. Нарадзіўся я 27 мая 1926 года ў старадаўнім беларускім сялянскім мястэчку Прапойск. Прапойск стаіць на высокім правым беразе прыгожай ракі Сож, якраз у тым месцы, дзе ў яе ўпадае рэчка Проня. Мястэчка хаця і невялікае, але вельмі старадаўняе, яму ўжо нядаўна споўнілася 800 гадоў. І ў яго вельмі цікавая гісторыя. Яшчэ ў пятнаццатым стагоддзі рускі купец і вандроўнік Афанасій Нікіцін, вяртаючыся з Індыі, спыняўся ў Прапойску. А яшчэ ёсць недалёка ад Прапойска вёска Лясная. Каля гэтай вёскі рускія войскі начале з царом Пятром Першым разбілі ў 1703 годзе шведскія войскі і… — заўважыўшы, што Валодзя не можа ўтрымацца ад смеху, Віктар змоўк на паўслове і насцярожана спытаў:
— Ты чаго смяешся?
—А нічога! Ты вось так і напісаў, як зараз гаворыш?
—Так і напісаў, а што?
—Дык трэба ж пра сябе было пісаць, а ты цара прыплёў! Можа, ён табе радня? – зарагатаў Валодзя.
—А што цар? У мяне нічога такога асаблівага пра цара і няма… я прывёў усім вядомы гістарычны факт… калі хочаш ведаць, дык цар Пётр Першы заснаваў у 1703 годзе Петраград!
—Калі хочаш ведаць, — з’едліва заўважыў Валодзя, — дык гістарычныя факты трэба прыводзіць не перакручваючы. Ведаеш, як завецца той, хто перакручвае гістарычныя факты? Фальціфікатар! У 1703 годзе быў заснаваны Пецярбург, а не Петраград!
—Узяўся вучыць, а сам? “Фальціфікатар”! Калі ўжо сам не ведаеш, дык не вучы іншых! — абурыўся Віктар. – Фальсіфікацыя – вось як называецца перакручванне гістарычных фактаў! – І ўжо, як нічога не здарылася, занепакоена спытаў: ”А што, могуць праз гэта і не прыняць?”
Заўважыўшы, што Віктар не на жарт пакрыўдзіўся, Валодзя супакоіў яго:
—Ды не перажывай ты гэтак! Я пажартаваў. Увогуле, канешне, аўтабіяграфію трэба пісаць сур’ёзна, а ў цябе… зрэшты, як на гэта паглядзець? Вунь, як хораша апісвае ў аўтабіяграфіі родныя мясціны Якуб Колас… І нічога страшнага няма, што ўспомніў цара! — рашуча сказаў Валодзя. — Нават вельмі добра атрымалася, бо цар Пётр быў прагрэсіўны цар для свайго часу, ён прасек “акно” у Еўропу…
Віктар, абрадаваны такім паваротам справы, прапанаваў:
—Паехалі, Валодзя, разам, вось будзе здорава!
—Не магу, сам ведаеш: маці адна з малымі застанецца, калі я з’еду… — уздыхнуў Валодзя.
Віктар падкінуў у вогнішча прызапашаную з вечара смалістую каражыну. Агонь прагна лізнуў сухое дрэва, і яркае полымя ўзняло ў вышыню вогненны рой светлячкоў-знічак.
Неба на ўсходзе пачало прыкметна святлець. З ракі пацягнула прахалодай, хлопцаў пачаў марыць сон. Яны ўжо уладкоўваліся ямчэй, каб крыху паспаць, але пачулі незразумелы, незнаёмы гук. Ён быў няроўны, з нейкім злым падвываннем і накатваўся хвалямі. З кожным імгненнем усё мацнеў і цяпер можна было безпамылкова сказаць, што гэта ляцяць з цёмнага заходняга боку неба самалёты.
У хлопцаў і сон прапаў. Яны падняліся і з цікавасцю пачалі ўглядацца ў цёмнае неба, туды, адкуль даносіўся гук. Віктар успомніў знаёмых хлапцоў, якія амаль два гады таму паехалі вучыцца па камсамольскіх пуцёўках у ваеннае авіяцыйнае вучылішча.
—Як мяркуеш, Валодзя, нашы ўжо лятаюць?
Валодзя невыразна паціснуў плячыма:
—Хто ж яго ведае, можа і лятаюць…
Цяпер гул самалётаў, якія ляцелі дзесьці ў вышыні, накатваўся магутнай хваляй-выццём. Калі гул матораў стаў ледзьве чуцен, з боку Бабруйска неба раптам асвяцілася далёкімі сполахамі, і ўслед за гэтым праз кароткі час данесліся глухія выбухі.
Нічога не падазраючы, кожную чарговую серыю моцных выбухаў хлопцы суправаджалі паважлівымі заўвагамі.
—Гэта тыя, што на тым тыдні праляталі ўдзень! Цяпер начное бомбамятанне адпрацоўваюць…
—Наўрад што тыя… у тых гук быў іншы…
—Удзень у іх адзін гук, а ўначы другі. Ноччу ўсё па-іншаму бачыцца і чуецца!
—Сапраўдныя баявыя кідаюць, бач, як здорава бабахаюць, вось бы паглядзець… А дзе там можа быць палігон?
—Вядома – баявыя! Інакш мішэнь не разаб’еш…
У тым баку, адкуль даносіліся выбухі, у неба раз-пораз успыхвалі неразумелыя агеньчыкі. Іх было не вельмі многа. А потым скончыліся выбухі і зніклі агеньчыкі. Гук самалётаў ізноў пачаў набліжацца. Але цяпер яны ляцелі на рознай вышыні і не ўсе разам. Хлопцы з захапленнем углядаліся ў неба, стараючыся ўбачыць той, што ляцеў зусім нізка і прама на вогнішча.
Раптам зверху пачуўся гук, які вельмі нагадваў лямант кошкі, калі ёй прыціснуць хвост. І ў той жа момант зямля здрыганулася, і разам з асляпляльнай успышкай тугая хваля паветра адкінула хлопцаў ад вогнішча на некалькі метраў. Падаючы, Віктар балюча ўдарыўся, не разумеючы, што здарылася. Зверху на яго пасыпаліся камякі зямлі. І, распаўзаючыся над зямлёй, да яго пачаў хутка напаўзаць смярдзючы туман.
Спалохаўшыся, Віктар ускочыў і пабег прэч, не разбіраючы дарогі. Але праз некалькі крокаў за нешта зачапіўся і ўпаў. Паднімаючыся, убачыў, што гэта Валодзя. Віктар схапіў сябра за руку і, задыхаючыся ад смярдзючага туману, закрычаў:
—Валодзя, уставай, трэба бегчы адсюль!
Але Валодзя маўчаў і ляжаў нерухома. Віктар з усёй сілы тузануў яго за рукаў кашулі і адчуў, што цягне адну руку, а ён, як ляжаў нерухома, так і ляжыць, і толькі цяпер убачыў, што замест нагі ў яго крывавае месіва, а рука адарвана ад тулава. Яму зрабілася страшна. Ён ускочыў на ногі і бокам, бокам, не спускаючы вачэй з мёртвага Валодзі, спачатку пайшоў, а потым пабег, не выбіраючы дарогі.
З усіх бакоў соннага мястэчка даносіўся брэх перапалоханых сабак, грукат дзвярэй, трывожныя галасы, напалоханыя незразумелым моцным выбухам, яны з трывогай прыслухоўваліся да ўзнікшага недзе ля ракі смяротнага жудаснага завывання “Ай-а-яй-а-аяй…”, яшчэ не ведаючы, што гэта голас вайны, якая гэтым ранкам пачала збіраць свой крывавы ўраджай.
Ф. ШКІРМАНКОЎ.

Добавить комментарий