Сумленне – яно не для кожнага?!

IMG_0030
Сумленне – добрая і патрэбная рыса, якая павінна быць у кожнага чалавека. І шкада, што не ўсе ёй валодаюць. А прыклад – навокал: нейкія вандалы, бо інакш іх не назавеш, выпальваюць “дуб кахання” – самае любімае месца жыхароў Слаўгарада. Ёсць толькі адзінае пытанне: “Навошта?”.
На самой справе гэта ніякі не дуб, а велізарная ліпа, якую толькі завуць дубам. За стагоддзе дрэва стала сапраўдным эталонам магутнасці, векавечнасці і кахання. Кожны чалавек, які стаіць у яго цені, адносіцца да “велікана” з павагай.
Здаўна сярод мясцовых жыхароў ходзіць павер’е, што дрэва можа выконваць жаданні, асабліва жаданні каханых. Калі хлопец прызнаецца дзяўчыне ў каханні, у гэты момант яе сэрца нагадвае сапраўднае вогнішча, якое палае. Такое адбылося і з ліпай, але яе “сэрца” гарыць не з-за чалавечага кахання і пяшчоты на кручы над Сожам, а з-за дурноты і пачварства людзей, якія не маюць ні кроплі сумлення і павагі нават да саміх сябе.
За апошнія гады з дрэвам здарылася непапраўнае – нехта пачаў яго знутры выпальваць. Ніхто не мог і ўявіць, што такое можа адбыцца. Нездарма “дуб кахання” стаіць на кручы, ухапіўшыся магутнымі векавымі каранямі за глебу. Гэта даказвае, што за доўгія гады жыцця, пабачыўшы шмат чаго дрэннага, дрэва так проста не аддасца ў палон вар’ятам сучаснага часу.
Кожны лічыць, што ён робіць усё правільна, але ці так гэта – пытанне. А на самой справе, чым займаецца чалавек: выпальвае дрэва або саджае маладое?
Выпальваннем чалавек рушыць гісторыю, гісторыю сваіх продкаў, роднага краю. Ніхто не мае права рабіць з ёй, што ўздумаецца. Гісторыя патрэбна, каб памятаць, а не здзеквацца над ёй. Аднойчы спаліўшы мінулае, адначасова вы страціце ў сабе чалавека. Прырода помсціць не стане. Яна дачакаецца, пакуль мы дэградуем самі. І так будзе, калі не станем задумвацца пра свае думкі і справы.
Фота і тэкст Дзяніса ЯЎСЕЕНКІ.

Добавить комментарий