У арміі тысячнікаў папаўненне!

20150811_152526

 Хуткімі тэмпамі ідзе ўборачная – і вось ужо яна на фінішнай прамой. Сёлета  яна праходзіць у наскладанейшых пагодных умовах: у поце, пылу і неймавернай спякоце збіраецца хлеб. Камбайнеры напаўняюць зернем бункер за бункерам, запісваючы на свой рахунак тоны намалоту.Адзін за другім курсіруюць вадзіцелі, занятыя на адвозцы зерня. Не дзіва, што ў шэрагах тысячнікаў папаўненне. На гэты раз у СВК “Лясная” віншавалі лідараў гаспадаркі. Дарэчы, пра іх, іхнія прафесіяналізм і амбіцыйныя планы на гэтую ўборачную кампанію мы пісалі ў мінулым нумары раёнкі. Таму шчыра парадаваліся за рупліўцаў. Малайцы, хлопцы!

Тысячную мяжу на ўборцы зерневых і зернебабовых культур пераадолеў экіпаж у складзе камбайнера Віталя Філіпенкі і памочніка Канстанціна Шаўцова. Для Канстанціна гэтая ўборачная першая, але ў пары з прафесіяналам Віталем, які даваў напарніку трапныя парады і верыў у іхні агульны поспех, ім давялося заняць лідыруючыя пазіцыі.  Між іншым,  фамілію Філіпенка ўжо звыкла бачыць у спісе перадавікоў уборачнай. Спадзяёмся, што і пачынаючы хлебароб  Канстанцін перайме прагу да працы і вопыт свайго “настаўніка”. Як кажуць, пажывём – пабачым.

Плячо да пляча з хлопцамі працаваў і моладзевы экіпаж братоў Касцючэнкаў. Васіль і Анатоль гэтаксама запісалі на свой рахунак намалот больш чым у тысячу тон.

Гэткі вынік значны не толькі для хлопцаў, а і для ўсяго раёна. Павіншаваць тысячнікаў і выказаць ім словы прызнання і падзякі ў гаспадарку завіталі: першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік  райсельгасхарчу К.А. Жыгуцкі, прафсаюзны лідар работнікаў АПК Л.В. Ануфрыеў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Шаўцова.

—У вас сёння прыемная падзея. Ніколькі не перабольшу, калі скажу, што гэта падзея вельмі прыемная і для нас, — звярнуўся да хлебаробаў К.А. Жыгуцкі. – Вы годна і на высокім узроўні выконваеце сваю справу. Выказваем вам шчырую падзяку за працу, за стараннасць, за вытрымку. Так трымаць!

Маякам жніва былі ўручаны падзякі і падарункі. Ад раённага аб’яднання прафсаюзаў – кепкі з лагатыпам.

*   *   *

Падтрымаць рупліўцаў шчырым словам і добрай песняй выязджалі агітбрыгады клубных устаноў. Яны наведалі: ААТ “Слаўгарадрайаграпрамтэхніка”, СВК: “Лясная”, “Калгас “40 год Кастрычніка”, “Зімніца”, “Наша Радзіма”, “Жалезінскі”.

*   *  *

У гэты ж дзень дэлегацыя ў складзе: І. Ф. Тоўсціка, галоўнага тэхнічнага інспектара працы абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК,  С. М. Дзенісенкі, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў, і Л. В. Ануфрыева,  старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК, адправілася на палеткі раёна, каб падтрымаць хлебаробаў-тысячнікаў, выказаць ім словы падзякі і прызнання за іх мазалёвую працу.

У ААТ “Прысожжа” віншаванні прымаў вадзіцель Сяргей Міхайлавіч Антонаў (на здымку), які на МАЗе-555 перавёз ад камбайнаў 1020 тон збожжа.

У “17 партз’ездзе” таксама з’явіўся  тысячнік . Ім стаў вадзіцель Аляксандр Міхайлавіч Храмянкоў. На   МАЗе-555 гэты працаўнік  перавёз 1004 тоны збожжа.

Не першага ўжо тысячніка віншавалі і ў СВК “Прывольны”. Тысячную мяжу  пераадолелі адразу два рупліўцы – вадзіцель Леанід Міхайлавіч Коканаў (на МАЗе-555  ён перавёз 1014 тон зерня) і экіпаж братоў Бічыкавых Сяргея Віктаравіча і Уладзіміра Віктаравіча (намалацілі 1037 тон зерня).

Асабіста кожнага шчыра віншавалі члены дэлегацыі. Жадалі поспехаў і дасягнення новых вышынь. Прыемным дадаткам  сталі падарункі ад абласной арганізацыі прафсаюза, а таксама грашовыя прэміі і падзякі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

20150811_152446 20150810_135735

Тэкст і фота

Ул.Рыжанкова.

Добавить комментарий