Аб злабадзённым – на аўдыторыю

З ліпеня па кастрычнік бягучага года праходзіць Рэспубліканская грамадзянска-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам!”. Удзел у ёй прымаюць фіналісты вакальнага конкурсу, зноў такі арганізаванага ФПБ, “Новые голоса для любимой страны”.

Так склалася, і ў гэтым бачна плённая работа раённага аб’яднання  прафсаюзаў, што акцыя праходзіла  пасля афіцыйнага мерапрыемства – рэгіянальнага сходу дэпутатаў мясцовых Саветаў.

У мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці праходзіла мерапрыемства. На ім прысутнічалі: кіраўнік раёна П. І. Найдзён, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі А. І. Разганаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. І. Бычык. Дэпутацкі корпус раёна прысутнічаў у поўным складзе. Запрошаны былі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, моладзевых арганізацый, прадстаўнікі працоўных  калектываў, актыў раёна.

Перад прысутнымі выступіў кіраўнік раёна П. І. Найдзён. Ён, у прыватнасці, закрануў усе галіны жыццядзейнасці, развіцця раёна. Статыстычным радком Павел Іванавіч распавёў прысутным аб поспехах, якіх удалося дасягнуць раёну. Не былі схаваныя і праблемныя моманты. Ён падкрэсліў, што патэнцыяла ў нашым рэгіёне дастаткова для росту ўсіх паказчыкаў. Застаецца толькі зрабіць аналіз, работу над памылкамі і крочыць з упэўненасцю далей.

Нібыта працягам стала выступленне Аляксандра Іванавіча Разганава. Ён у некаторай ступені выказаў крытыку ў адрас моладзі, працуючай часткі насельніцтва раёна. “Мы некуды страцілі здаровыя амбіцыі. Нібыта чагосьці баімся. Сёння, калі дзяржава не шкадуе  грошай для падтрымкі  любой канструктыўнай ініцыятывы, нельга не выкарыстоўваць шанс  і не спрабаваць сябе ў тым жа бізнэсу”, — казаў дэпутат. Адзначыў і той факт, што будаваць жыллё мы павінны ў большых аб’ёмах. Пры тым, што крэдыты пад будаўніцтва для слаўгарадчан больш  прывабныя, чым для іншых раёнаў. Нагадаў А. І. Разганаў і пра прынятую Праграму развіцця паўднёва-усходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны, якая таксама адкрывае новыя гарызонты для  насельніцтва Слаўгарадчыны. Людзей не  інэртных, а гнуткіх, мабільных, сучасных.

Старшыня райсавета ў сваёй справаздачы азнаёміла прысутных з накірункамі, па якіх працаваў дэпутацкі корпус раёна. Вольга Іосіфаўна прадэманстравала, як у жыхароў раёна змяняецца свядомасць у бок  гаспадарлівага стаўлення да маёмасці, у тым ліку агучыла, што ўдалося зрабіць у раёне праз сустрэчы з насельніцтвам, тлумачальную  і ўзаемавыгадную размову  з ім.

Мелі слова і дэпутаты. Кіраўнік  ПМК-274 А. П. Драздоў агучыў у сваім выступленні, якія новабуды чакаюць раён у хуткім часе. Зрабіў справаздачу і пра ўжо зробленае.

Начальнік райгаза В. М. Кананчук таксама пазнаёміў аўдыторыю з вынікамі работы падначаленай арганізацыі.

А потым было ўрачыстасці месца. Шанавалі і ўзнагароджвалі  людзей, якія сваімі працай і любоўю да роднага краю былі і з’яўляюцца прыкладам.

Сямейныя дынастыі, а дакладней іх дамінанты, выходзілі  на сцэну і разам  з добрымі пажаданнямі і словамі ўдзячнасці атрымоўвалі з рук кіраўніка  раёна сувеніры.

Мяркую, мяне падтрымаюць многія, калі скажу, што арганізатары мерапрыемства трапілі ў самую “дзясятку”, калі  запрасілі на сцэну экскіраўнікоў службаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Людзей, якія колісь узначальвалі і будавалі сённяшні Слаўгарад, выхоўвалі, вучылі яго жыхароў. Кветкі, прызнанне і ўдзячнасць – усё было для іх. Далей слова ўзялі артысты. І гэта было па-сапраўднаму відовішчна. Канферансье прадставіў фіналістаў рэспубліканскага конкурса “Новые голоса для любимой страны”. Імі былі звычайныя людзі  з даволі празаічнымі прафесіямі: памочнік машыніста, медсястра, педагог. Але вось галасы, якімі іх узнагародзіла прырода, былі з разраду, калі не фенаменальных, дык блізкія  да таго. Яны радавалі сваім вакалам прысутных, узнімалі  настрой. Прычым, рабілі гэта, нягледзячы на самадзейны ўзровень, даволі прафесійна. Ад таго і апладысменты пасля кожнай песні  пераходзілі ў авацыі і гучала “Брава!” і “На біс!”.

Выступалі  ў той дзень і прафесіяналы — Вольга Плотнікава і Саша Нэма. А кампазітар Эдуард Ханок вярнуў старэйшую частку залы на некалькі  дзесяцігоддзяў таму і ўсе разам  спявалі “У леса на опушке”.

Так патрапілася, што рэгіянальны сход дэпутатаў мясцовых Саветаў разам з сур’ёзнасцю  разгледжаных пытанняў прынёс і долю бадзёрасці і настрою. А гэтага не бывае занадта  ніколі!

Ул. РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.     

IMG_8354 IMG_8367 IMG_8348 IMG_8339 IMG_8337 IMG_8306 IMG_8283 IMG_8278 IMG_8512 IMG_8501 IMG_8474 IMG_8441 IMG_8429 IMG_8421 IMG_8417 IMG_8404 IMG_8386 IMG_8371

Добавить комментарий