На вёску — са святам!

Свята вёскі. Традыцыйным стала гэтае дзейства на Слаўгарадчыне. І калі раней яно радавала толькі жыхароў  невялікіх населеных пунктаў, то зараз завітала і ў аддаленыя кропкі Слаўгарадчыны.

IMG_1153

У мінулую суботу ў Хварасцянах сабраліся жыхары, госці вёскі, суседзі, каб разам адпачыць на свяце вёскі. Надвор’е хаця і не назавеш камфортным, але жаданне сустрэчы і жывога кантакту гасцям свята перашкодзіць не змагло.

IMG_1177

Дый цёплыя словы старшыні райсавета дэпутатаў Вольгі Іосіфаўны Бычык  нібыта сагравалі, бо былі цёплымі, шчырымі. Яна падкрэсліла, што Хварасцяны – гэта куток, дзе людзі жывуць працавітыя, ветлівыя.  І калі запрашэнне на свята вёскі ёй патрапіла – адказ быў толькі станоўчы.

IMG_1182

Вядучыя азнаёмілі прысутных з гісторыяй вёскі. З гістарычнага экскурсу стала вядома, што на працягу ўсяго існавання гэты куток быў радзімай людзей з грунтоўным падыходам да жыцця. А рэчаіснасць іх заўсёды спадарожнічала хрысціянскім каштоўнасцям.

IMG_1150

Гучала шмат песень. У той дзень успаміналі і людзей працы, якія аддалі шмат сіл на аднаўленне народнай гаспадаркі ў пасляваенныя гады.

Сувеніры  і словы пашаны атрымлівалі і юбіляры, якія пражылі не адзін дзясятак гадоў разам.

Старшыня Лапаціцкага сельвыканкама С. С. Байцоў адзначыў, што людзі, якія тут жывуць, — гэта ўзор.

*   *   *

Каля будынка Бярозаўскай школы ў мінулую нядзелю таксама праходзіла свята вёскі. На ім прысутнічалі В. І. Бычык, старшыня  раённага Савета дэпутатаў; А. М. Шаўцова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; Т. Ф. Мельнікава, старшыня Гіжэнкаўскага сельвыканкама, і кіраўнік СВК “Наша Радзіма” І. М. Гарэлікаў.

Як і пісалася вышэй, людзі з задавальненнем сабраліся на мерапрыемства. Яно і зразумела: артысты РЦК і НТ сумесна з самадзейным калектывам Бярозаўскага сельскага клуба стварылі атмасферу насамрэч святочную.

Вольга Іосіфаўна ў прывітальным слове адзначыла, што пакуль на вёсцы будуць  умець працаваць і адпачываць – вёсцы быць. Быць самабытным традыцыям, добрасуседству, якога ў горадзе, на жаль, усё менш і менш.

Тамара Францаўна таксама закранула тэму вёскі. Яна пажадала, каб усе жыхары  Бярозаўкі і ўсяго Савета былі крышачку заможней, ад таго і настраёвей жыццё будзе. Але і тут карані  ляжаць у працавітасці, якой, падкрэсліла Тамара Францаўна, бярозаўцам  не займаць.

IMG_1144

Сямейныя дынастыі, людзі  творчыя, ветэраны працы. Шмат  было сказана ў іхні адрас цёплых слоў і ўручана сувеніраў. Канцэртная праграма ўключала ў сябе як лірычныя, так і настраёвыя песні. Таму  мажорны лад браў верх. На заключным этапе да прысутных звярнулася Алена Міхайлаўна Шаўцова. Яна падзякавала  за актыўнасць усіх прысутных, артыстаў, гасцей свята. Карыстаючыся момантам, кіраўнік ідэалагічнага аддзела павіншавала загадчыцу Бярозаўскага сельскага клуба і жанчыну, як кажуць, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Святлану Міхайлаўну Ганчарову  з днём нараджэння, які яна святкавала ў той дзень.

Пасля завяршэння мерапрыемства арганізатары запрасілі ўсіх за святочны, багата накрыты рознымі прысмакамі стол.

Ул. ВАСІЛЬЕЎ.

Тэкст і фота аўтара. 

Добавить комментарий