“У кожнага свая дарога…”

29 кастрычніка ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся абласны этап фестывалю маладых педагогаў “Ініцыятыва.Пошук.Творчасць.” Ен праходзіў у два этапы. На першы этап —  завочны —  трэба было прадставіць творчую работу (эсэ) і калі пашчасціць прайсці, то трапляеш у другі этап – фінал, а там ужо —  свае умовы….

ПОБЕДИТЕЛЬ-1

Па выніках завочнага этапу абласнога фестывалю эсэ настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА “Лапаціцкая сярэдняя школа” Янковіч Таццяны Іванаўны “Я выбрала шлях” стала адной з лепшых работ сярод іншых маладых настаўнікаў Магілёўскай вобласці. Таццяна Іванаўна ўвайшла ў сямёрку фіналістаў  указанага мерапрыемства. Акрамя таго, лепшыя ўдзельнікі раённага фестывалю маглі прыняць удзел у майстар-класах членаў абласнога педагагічнага клуба «KLUM.BY». Гэтую магчымасць і скарысталі пяць перспектыўных маладых настаўнікаў нашага раёна, якія таксама актыўна падтрымалі сваю калегу падчас абароны творчай работы.

Маладым педагогам-фіналістам неабходна было публічна абараніць  сваё эсэ. Прадстаўніца Слаўгарадскага раёна выступала пад сёмым нумарам, які стаў для яе шчаслівым. Але трэба было не проста выступіць, а падыйсці да гэтага арыгінальна і крэатыўна, што і зрабіла наша Таццяна Іванаўна. Настаўніцкі “дрэс-код” яна невыпадкова змяніла на беларускі народны касцюм, тым самым акцэнтавала ўвагу на неабходнасці захавання традыцый і культуры беларускага народа і, перш за ўсё, у сваёй педагагічнай дзейнасці. А далей, каб зразумець сэнс прафесійнага крэда, трэба даслоўна пераказаць нашу выступоўцу:

“…Мае вучні ведаюць, што беларусы – самыя гасцінныя людзі ў свеце. І з даўніх часоў дарагіх гасцей яны заўседы вітаюць караваем – сімвалам дабрабыту. Аснова кожнага каравая – вада і мука. У народзе кажуць: “Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы”. На Слаўгарадчыне ёсць знакамітая Блакітная крыніца, якая з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Нібыта з тае крыніцы, як з чароўнай і невычэрпнай скарбонкі народнай мудрасці, мы разам з вучнямі  і чэрпаем сваё натхненне.

Каб атрымаць муку для каравая, трэба кожны дзень плённа і старанна працаваць. Так і мы з вучнямі на кожным уроку старанна працуем, нібы “выпякаем” свой каравай.І ў нас ёсць своеасаблівы рэцэпт (!). Самае галоўнае ў ім – сумесная праца і настойлівасць. Але каб наш каравай атрымаўся вельмі смачны, для гэтага спатрэбіцца зацікаўленасць вучняў і ініцыятыва настаўніка. Але ў нас правіла: “выпякаць” і частавацца караваем можна толькі ў добрым  настроі. Таму і рэцэпт нашага караваю не абыходзіцца без гумару і  жартаў. Каб каравай прыносіў задавальненне і асалоду, трэба дадаць ў яго трапную прымаўку, прыгожае слова,  а яшчэ — кропельку надзеі, веры і павагі… ”

Частаванне караваем і ўсе гэта дзейства суправаджалася беларускімі народнымі мелодыямі, таму што не адно свята беларусаў, як і гэты педагагічны фестываль, не абыходзіцца без музыкі.

Згодна з рашэннем кампетэнтнага журы Таццяна Іванаўна заняла пачэснае 3 месца і атрымала дыплом пераможцы  абласнога фестывалю.

У кожнага свая дарога ў жыцці,

Ды я даўно свой шлях ўжо абрала.

Па ім і далей буду я ісці

З упэўненасцю і творчым запалам.

Такімі радкамі з асабістага верша заканчваецца творчае эсэТаццяны Іванаўны. Прафесію настаўніка яна абрала яшчэ падчас навучання ў школе, дзякуючы  сваім педагогам, якія і прывілі ёй любоў да роднай мовы. І вось ужо 5 гадоў Таццяна Іванаўна працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў ДУА “Лапаціцкая сярэдняя школа”. Цяпер ужо сама вучыць школьнікаў любіць і паважаць родную мову. Таццяна Іванаўна ўпэўнена, што галоўнае ў працы настаўніка — не проста даваць гатовыя веды вучням, а вучыць здабываць іх самастойна. А для таго, каб зацікавіць дзяцей, нельга абысціся без асабістай ініцыятывы і творчасці.

Віншуем Таццяну Іванаўну з перамогай і жадаем штодзённага творчага натхнення!

Раённы вучэбна-метадычны кабінет

аддзела адукацыі, спорту і турызму

Слаўгарадскага райвыканкама.

Добавить комментарий