У раёне – бэбі-бум!

bd4c3314-d661-4309-9784-60da42d3b65f-w500-h500

Спяшаемся падзяліцца з чытачом прыемнай навіны: кастрычнік стаў месяцам, так бы мовіць, сапраўднага бэбі-бума. Загадзя не будзем апярэджваць ход падзей, бо да канца года яшчэ застаецца час, аднак ёсць падставы меркаваць, што гэты месяц можа стаць рэкордным у завяршаючымся годзе. У раёне нарадзілася 29 дзетак, з іх 20 гараджан і 9, адпаведна, вяскоўцаў (у месяцы мінулым нованароджаных было зарэгістравана 18). Лідарства па-ранейшаму, хоць і з невялічкім перавесам, захоўваюць хлопчыкі – іх 15, прыгажунь –14. Шчыра віншуем новаспечаных бацькоў са шчаслівай падзеяй у іх жыцці! Безумоўна, з’яўленне дзіцяці – вялікае шчасце ў сям’і. А калі іх двое? Так! Тады і шчасця ўдвая болей. Падвойны прыбытак святкавалі ў двух сем’ях, дзе нарадзіліся двое чароўных двайнят. Дасылаем бацькам двайнят таксама добрыя словы віншаванняў.

Імёны, якія матулі і татулі абралі для сваіх дзяўчынак, наступныя: Ульяна, Васіліса, Сафія, Валерыя, Ксенія, Дар’я, Паліна, Марыя, Анастасія. Не скажу, што рэдкія, а больш незвычайныя і арыгінальныя імёны ў Ясеніі, Алісы і Міланы. А вось у хлопчыкаў, наадварот, імёны, акрамя Цімура і Марка, з разраду традыцыйных: Мацвей, Назар, Захар, Мікалай, Арцём, Мікіта, Ягор, Глеб, Дзмітрый і Аркадзь.

Шлюбаў у кастрычніку зарэгістравана на два меней, чым ў верасні, – 8. Адметна, што на вёсцы вяселлі чамусьці не гулялі, толькі гараджане ў гэтым месяцы звязалі сябе вузамі Гіменея.

Канешне, на жаль, не абыйшлося і без скрушнай статыстыкі. Для родных і блізкіх дзевяці чалавек надыйшоў час гора і смутку (пяць – у горадзе і чатыры – на вёсцы). Хочацца выказаць сем’ям, якія страцілі роднага чалавека, шчырыя спачуванні. Трымайцеся. Вечны супакой і светлая памяць нябожчыкам.

Падводзячы вынікі дзесяці месяцаў, атрымоўваецца наступнае: у раёне зарэгістравана 164 нованароджаных (112 – гараджане і 52 – вяскоўцы), 96 шлюбаў (67 – горад, 29 – вёска), памерла 142 чалавекі (65 – у горадзе і 77 — на вёсцы).

Даныя прадаставіла

М. НІКІЦІНА,

начальнік аддзела ЗАГС.

Апрацаваў і фота

Ул. РЫЖАНКОЎ.

Добавить комментарий