Багаты ці дурны?!

yogid

Адказ на гэтае пытанне, на маю думку, кожны знойдзе для сябе сам. Бо высновы зрабіць прыйдзецца, каб не трапіць у сітуацыю, у якой апынуўся малады балбес, якому нават 18 гадоў пакуль няма. У прынцыпе, таму і разглядаўся на чарговым пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх. А сітуацыя не столькі трагічная, як павучальная. І ў ёй, я ў гэтым перакананы, пабылі калі не кожны з нас, дык многія.

Малады хлапец вучыўся ў Магілёве, скончыўшы на Слаўгарадчыне 9 класаў. Сям’я была, мякка кажучы, не з заможных, таму кожную капейчыну тут лічылі. Бацькі працуюць у адным з СВК, прычым не на кіруючых пасадах. Тым не менш…

Мікола, назавём яго так, са сваім знаёмым-сябрам у суботні вечар пасля лазні вырашылі “па грамулі піва выпіць”. Так вынікала з пратакола, забягаючы наперад, скажу. Дык вось. Паўналетні знаёмы-сябр прапанаваў Міколе прадоўжыць мерапрыемства, але для гэтага трэба было “адскочыць” у Слаўгарад да банкамата. Адбывалася ўсё у адным з аграгарадкоў.  Адсутнасць вадзіцельскага пасведчання і алкаголь у крыві нікога не смуцілі. І Мікола ўспомніў, што бацька нядаўна даверыў яму адрэмантаваць мапед. Які ў прынцыпе быў, як кажуць, “на хаду”. Нядоўга думаючы, Міколка дае ключы паўналетнему, сам сядае ззаду і пагналі… Але як заўсёды на самым цікавым з’яўляюцца супрацоўнікі ДАІ. Вынік – затрыманне, разбіральніцтвы, пратаколы, адміністратыўная камісія. Для Мікалая гэта паездка стала вельмі дарагой.

На пасяджэнні камісіі разглядаліся аж тры пратаколы на яго. Распіццё алкаголю на аўтобусным прыпынку; перадача кіравання асобе, якая не мае правоў і знаходзіцца ў алкагольным ап’яненні.

Памочнік пракурора прапанаваў пакаранне згодна з кодэксам аб адміністратыўных парушэннях. А гэта не многа-не мала па трох артыкулах 56 базавых велічынь і пазбаўленне магчымасці атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на тры!!! гады. Такім чынам у сям’ю юнак прынёс бы акрамя нервовага дысбаланса яшчэ і фінінсавыя значныя траты…

Нездарма ў класіка савецкага кінематографа прыгадваецца савецкі суд, як самы гуманны. Так і камісія пайшла насустрач сітуацыі і шукала, якім чынам палегчыць лёс балбеса, а хутчэй – яго бацькоў. Выйсце знойдзена, але не бесслядоўна. Толькі адна базавая лягла на “плечы” сям’і. Але тры гады юнак не зможа нават вучыцца ў нашым ліцэі на атрыманне вадзіцельскага пасведчання… Лёс не загублены, але карэкціроўкі зроблены карэнныя.

Навошта я ўсё гэта казаў? Паважаныя бацькі! З-за шалёнага тэмпа жыцця мы іншы раз забываем пра сваіх дзяцей. Чым яны захапляюцца, дзе бавяць час… А яно вунь як бывае. І справа нават не ў вялікіх штрафах, справа ў тым, што дзеці шукаюць кантакту і нярэдка знаходзяць яго не ў тых кампаніях. А наступствы могуць быць вельмі і вельмі трагічныя. А што казаць, дый і штрафы такія “зарабляць” можа ці вельмі багаты чалавек, ці дурань. Не заўсёды члены камісіі будуць такімі чулымі. Розум для таго нам і даецца, каб думаць, аналізаваць.

Ул. ВАСІЛЬЕЎ.

Добавить комментарий