Свята першай баразны

Свята першай баразны

У Слаўгарадскім раёне распачалася пасяўная кампанія. У мінулую сераду на базе СВК  “Заранскі” прайшло абрадавае  свята першай баразны. У раёне вёскі Чарнякоўка, на адным з прасторных палеткаў, адбылося  дзейства, гісторыя якога каранямі сыходзіць у глыбіню часоў.

Кіраўнік Слаўгарадскага раёна П. І. Найдзён, ягоны першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу К. А. Жыгуцкі, кіраўнікі ўсіх  гаспадарак Слаўгарадчыны сабраліся на палетку, каб першыя зярняткі ляглі ў падрыхтаваную глебу.

Суправаджалася свята гучнымі песнямі самадзейных артыстаў. Айцец Уладзімір асвяціў глебу, тэхніку, якая адразу пасля мерапрыемства працягнула займацца пасяўнымі работамі.

Старшыня райвыканкама  адзначыў у сваёй прамове: “Заўважце, як айцец Уладзімір адслужыў службу і асвяціў глебу – дождж спыніўся і вецер сціх. Ці не гэта добрая прыкмета, якая гаворыць, што мы распачынаем добрую справу?!  І калі мы, кожны з нас, будзем з максімальнай самааддачай ставіцца да пасяўной, то і ўраджай года 2014 будзе павялічаны.” Павел Іванавіч павіншаваў усіх са знакавай падзеяй, пажадаў хлебаробам працоўных подзвігаў у барацьбе за новы ўраджай.

Падзякаваўшы ўсіх, хто прымаў удзел у свяце, кіраўнік  раёна правёў імправізаваную  кароткатэрміновую нараду па пытаннях пасяўной кампаніі, дзе акрэсліў асноўныя задачы для яе паспяховага правядзення.

Свята скончылася, тэхніка пайшла працаваць на палеткі, адлічваючы першыя  гектары, засеяныя яравым клінам. Што  ж, Бог у дапамогу табе, чалавек-хлебароб. Бо нездарма кажуць у народзе, веснавы дзень год корміць. Будзем спадзявацца, што і прыродныя сілы, і чалавека старанні ў сукупнасці прынясуць па восені нам шчодры ўраджай, а адсюль — і дабрабыт.

Ул. РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий