Апынуцца ў мінулым

зал 2

Чарговая культурная падзея адбылася на мінулым тыдні ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. У рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у святочнай абстаноўцы свае дзверы адчыніла новая зала этнаграфіі.  На мерапрыемстве прысутнічалі: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т. П. Кананчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. І. Бычык, намеснік старшыні райвыканкама С.А. Езерская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах  моладзі райвыканкама А. М. Шаўцова, грамадскасць, моладзь раёна.

Вядучая Галіна Максімава  ў пачатку мерапрыемства расказала, што этнаграфія з’яўляецца своеасаблівым мостам паміж мінулым жыхароў і іх жыццём у сучаснасці. Мінаюць гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі, чалавецтва дасягае новых рубяжоў, а традыцыі, абрады, якія нязменна застаюцца ў сэрцах нашчадкаў, заўсёды вучаць прыгажосці, дабрыні і любові да роднага краю.

Т. П. Кананчук у сваім выступленні звярнула ўвагу прысутных на тое, што адкрыццё залы этнаграфіі ў слаўгарадскім музеі – на самой справе падзея. Бо яго стварэнне – дасягненне мясцовых жыхароў пры вялікай дапамозе дзяржавы. Таццяна Пятроўна выказала ўпэўненасць, што на Слаўгарадчыне і надалей  будуць беражліва захоўвацца народныя традыцыі і лепшыя здабыткі беларускай культуры.

Ганаровае права перарэзання чырвонай стужкі было прадастаўлена Т. П. Кананчук і В. І. Бычык, а таксама жыхарцы вёскі Васькавічы М. А. Макаранка. У самой зале гасцей сустракалі навуковыя супрацоўнікі  музея В. С. Стасенка і А. В. Кавалёў, яны прэзентавалі жаночы і мужчынскі куткі.  Там былі паказаны прылады працы, якімі карысталіся мясцовыя жыхары шмат гадоў таму. Своеасаблівыя майстар-класы па вышыўцы і ткацтву паказалі рукадзельніцы раённага Дома рамёстваў. Ягоны дырэктар Н. А. Купрыянцава расказала аб тым, як у падначаленым ёй калектыве наладжана праца па адраджэнню і захаванню нацыянальнай культурнай спадчыны ў галіне дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці.

Як вядома, супрацоўнікі музея заўсёды з радасцю чакаюць мясцовых жыхароў, якія не пашкадуюць сваіх хатніх сямейных рэліквій, каб папоўніць экспазіцыю. І такія людзі ёсць: Т. А. Гурына перадала галоўнаму захавальніку фондаў музея М. Ф. Пагодзінай  дзеля дэманстрацыі ў новай зале некалькі вырабаў народнай творчасці.

Падтрымліваць аўтэнтычную атмасферу свята дапамагалі народныя песні ў выкананні фальклорнага самадзейнага калектыву Васькавіцкага сельскага клуба “Вясковачка” пад кіраўніцтвам Г. С. Малахоўскай. Іх выступленне было падтрымана апладысментамі ўдзячных слухачоў.

Прыемным момантам гэтага свята стала арганізаванае работнікамі клубных устаноў раёна застолле. Традыцыйныя беларускія прысмакі прапанавала пакаштаваць гасцям  гаспадыня стала Людміла Чабатар.

Напрыканцы мерапрыемства А. М. Шаўцова падзякавала ўсіх прысутных за ўдзел у адкрыцці новай залы ў музеі і расказала, што стварэнне гэтай этнаграфічнай экспазіцыі планавалася з першых дзён існавання музея. Падзякавала ўсіх работнікаў культуры і жыхароў раёна, якія прынялі самы актыўны ўдзел у збіранні экспанатаў і папаўненні фондаў этнаграфічнай залы. Алена Міхайлаўна таксама выказала ўдзячнасць усім тым, хто захоўвае і перадае абрады і народныя традыцыі сёння падрастаючаму пакаленню.

А. НЯМЦОВА.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий