У гонар салдата-вызваліцеля


на первую

Галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – традыцыйна адзначалі і ў раёне ў мінулую нядзелю.

Падрыхтоўка да яго распачалася сур’ёзная і ўжо даволі даўно. Яно і зразумела: горад і людзі, якія перажылі ліхалецці Вялікай Айчыннай, цяжка, але гераічна аднаўлялі народную гаспадарку, заслугоўваюць такой увагі. Дый і прывыклі жыхары раёна, яго госці, што ў гэты святочны  дзень аргкамітэт рыхтуе сапраўднае відовішча. Было так і сёлета.

З самага ранку ў гарадскім парку, каля помніка загінуўшым  салдатам, прайшоў урачысты мітынг. Кіраўніцтва раёна, госці з Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь усклалі да помніка кветкі. Хвілінай маўчання кожны змог успомніць сваіх дзядуль, бабуль, людзей, якія цаной сваіх жыццяў прынеслі нам сённяшнія незалежнасць і мірнае неба, далі нам права самім рабіць выбар і заклалі добрыя  ратныя гераічныя традыцыі. Захоўваць якія – наш святы абавязак.

На галоўнай плошчы раёна разгортваліся падзеі далей. Для гледачоў арганізатары прадугледзелі месцы, дзе можна было камфортна прысесці і схавацца ад пякучых промняў сонца. Трэба дадаць, што ніводнага воблака ў небе ў той дзень не было. А тэмпература, лічы, рэкордныя вышыні перабольшвала. Але ўсе гэтыя абставіны не сапсавалі атмасферы святочнай урачыстасці.

З уступным словам да прысутных звярнуўся кіраўнік раёна.  Павел Іванавіч Найдзен горача і шчыра павіншаваў, у першую чаргу, ветэранаў Вялікай Айчыннай. Ён адзначыў, што  гераізм, які праявілі савецкія воіны, для ўсёй сусветнай супольнасці стаў узорам мужнасці, самаадданасці і сапраўднага патрыятызму. “Кожны, хто са зброяй у руках на полі баявых дзеянняў, за станком у тылу, хто, не шкадуючы сіл, усё аддаваў для фронта, для Перамогі, ужо заслугоўвае называцца героем. А сучасныя пакаленні, нашчадкі павінны берагчы памяць пра слаўныя справы герояў-вызваліцеляў”, — адзначыў старшыня райвыканкама.

Сяргей Аляксеевіч Пятроў, кіраўнік прадстаўніцтва губернатара і ўрада Ніжагародскай вобласці ў нашай краіне, у сваёй прамове адзначыў: “Перамогу кавалі разам і рускі, і беларус, і украінец. Прадстаўнікі ўсяго шматнацыянальнага Савецкага Саюза разам усталі супраць фашысцкай нечысці і вызвалялі свет ад карычневай чумы. І сёння, калі з боку некаторых гісторыкаў назіраецца жаданне перапісаць гісторыю, нібыта паменшыць значнасць савецкіх салдат у перамозе над фашызмам, становіцца вельмі сорамна, што толькі праз семдзесят з невялікім гадоў, пакуль яшчэ жывуць  сведкі тых падзей,  гора-палітыканы перапісваюць на свой лад гістарычныя факты”.

Выступіў  перад гледачамі і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ф. У. Шкірманкоў. Ён падзякаваў кіраўніцтва раёна, грамадскасць за ўвагу да ветэранаў. Адзначыў Фелікс Уладзіміравіч, што сёння наш раён, горад увасабляюць сабой маленькі, але годны, дагледжаны куток, за які трэба было ваяваць. “Беларусы – людзі міралюбівыя. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі беларусы ў час бяды  аб’ядноўваліся і давалі адпор кожнаму, хто імкнуўся захапіць іх зямлю, зрабіць нявольнікамі. Няхай  жа і надалей вы, маладыя, захаваеце гонар і права звацца беларусамі, а сваю гісторыю, самабытнасць, традыцыі захаваеце на доўгія стагоддзі”, — падкрэсліў наш зямляк, паэт, ветэран.

Гледачам у той дзень прапанавалася вельмі змястоўная і цікавая канцэртна-тэатралізаваная праграма. Тэатралізаваны экскурс у гісторыю краіны жыхарам старшых пакаленняў дазволіў вярнуцца ў ваенныя, пасляваенныя дні. У драматургіі нумароў прасочвалася жаданне прадэманстраваць, як наш народ вайну сустрэў, як змагаўся з ворагам. А працавітасць, дух Вялікай Перамогі дазволілі аднавіць  вёскі і гарады, прадпрыемствы, фабрыкі і заводы. І на мой уласны погляд, і па водгуках гледача, арганізатарам гэта ўдалося.

А песні, якіх гучала ў той дзень вельмі шмат, у кожным куплеце славілі нашу Беларусь, яе народ. Спявалі песні і маленькія слаўгарадчане, і больш вопытныя выканаўцы, калектывы заслужаныя і самадзейныя. Танчылі таксама.

Гукі Дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь і адпушчаныя ў неба  паветраныя шары скончылі мерапрыемства. Але не адпусцілі гараджан і гасцей Слаўгарадчыны: у дзіцячым парку для самых маленькіх былі прапанаваны ўсемагчымыя забавы. А гандаль дазволіў набыць як харчовыя тавары, так і самыя розныя вырабы і прысмакі.

Увечары  святкаванне прадоўжылася. Традыцыйны святочны салют, нягледзячы на непагадзь у выглядзе шквалістага ветру і дажджу, адбыўся і парадаваў усіх, хто Дзень Незалежнасці сустракаў на Слаўгарадчыне.

Ул. РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий