Мацнее братэрскі саюз

IMG_7846

У  пачатку бягучага года ўзаемаадносіны Слаўгарадчыны і Арзамаса, што знаходзіцца ў Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі, займелі якасна новы выгляд. Праз падпісанне дамоўленасці аб узаемным супрацоўніцтве рэгіёны абазначыліся як пабрацімы. А гэта, у сваю чаргу, прадугледжвае шчыльнае і ўзаемакарыснае супрацоўніцтва, сістэматычныя дзелавыя кантакты. Эканоміка і культура, гістарычная спадчына, сацыяльная сфера, гандаль і шмат іншых накірункаў ляжаць у падмурку адносін цяпер ужо гарадоў-пабрацімаў.

У мінулую пятніцу Слаўгарадчына сустракала паважаных гасцей – дэлегацыю з Арзамаса. Узначальваў яе першы намеснік главы адміністрацыі гэтага горада Уладзімір Усеваладавіч Яршоў. Таксама ў складзе дэлегацыі былі кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў рэгіёна.

Прымаў удзел у сустрэчы і кіраўнік прадстаўніцтва губернатара і кіраўніцтва Ніжагародскай вобласці Сяргей Аляксеевіч Пятроў. Які, дарэчы, стаў пастаянным ужо госцем на раённых  урачыстасцях.

Візіт расійскіх сяброў распачаўся ў аграгарадку Лясная. Хлебам-соллю гасцей віталі, песней і шчырым словам. Протаіерэй Георгій Сакалоў зрабіў аглядную экскурсію па жамчужыне Лясной – храму-помніку. Ён расказаў гісторыю яго ўзнікнення, пра асаблівасці яго архітэктурных рашэнняў. Дарэчы, шмат цікавага даведаліся і гаспадары. А гэта азначае, што на Слаўгарадчыне яшчэ шмат цікавага нават для нас. Айцец Георгій уручыў гасцям невялікія сувеніры.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Аляксандраўна Езерская, якая знаёміла членаў дэлегацыі з гісторыяй аграгарадка, акцэнтавала ўвагу на помніку, які  мы звыкла называем “Арол”. Гасцям цікава было даведацца, якія гераічныя падзеі  адбываліся тут больш трох стагоддзяў таму. Больш дасканала аб тых часах госці пачулі ў мясцовым музеі, дзе іх увазе  былі прадстаўлены экспазіцыі баёў, гістарычныя факты  і дакументы.

Было  бачна, што зацікаўленасць і ўвага, з якімі слухалі экскурсавода расіяне, – шчырыя. Мяркую, справа ў тым, што на нашай зямлі каваліся менавіта іхнія  слаўныя гераічныя традыцыі, перамогі. Аб гэтым з удзячнасцю  госці адзначалі ў размове.

Наступным, будзем спадзявацца, стратэгічным  аб’ектам візіту ў далейшым супрацоўніцтве стаў вытворчы цэх “Бабушкина крынка”. Тут гасцям была расказана гісторыя ўзнікнення і развіцця прадпрыемства. Не маглі гаспадары, вядомая справа, не арганізаваць дэгустацыю прадукцыі холдынгу. Яна, паверце на слова, прыйшлася да спадобы кожнаму.

“Такога асартыменту, якасці не разлічвалі тут пабачыць, — адзначалі госці. – Прыемна здзіўлены і абавязкова распавядзём аб гэтай смакаце ў Арзамасе”.

Афіцыйная, так бы мовіць, сустрэча дэлегацыі Арзамасу з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі  раённых службаў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў адбылася ў зале пасяджэнняў райвыканкама і праходзіла хутчэй у фармаце прыяцельскага дыялога. Менавіта на гэтым настойваў старшыня райвыканкама П. І. Найдзён, калі знаёміў актыў Слаўгарадчыны з арзамасцамі. І дыялог займеў такі характар.

Сацыяльная сфера: ідэалогія, культура і справы моладзевыя, медыцына і адукацыя праз прамовы сваіх кіраўнікоў у даступнай форме пазнаёмілі гасцей са сваімі поспехамі і дасягненнямі.

Было прадастаўлена слова і членам ветэранскай арганізацыі. Ф. У. Шкірманкоў перадаў калегам з Арзамасу сваё прывітанне, зборнік сваіх твораў з аўтографам. Такія ж кнігі атрымалі з рук ветэрана і госці. Па просьбе кіраўніка раёна і сяброў з Арзамаса ветэран прачытаў адзін са сваіх вершаў. Мелі слова і прадстаўнікі іншых грамадскіх аб’яднанняў.

Шмат памятных падарункаў і сувеніраў было ўручана ў той  дзень. Абодва бакі абменьваліся імі. А “рог багацця”, які ўручыў У. У. Яршову  старшыня  праўлення райпа С. А. Дзмітрачкоў, сімвалізаваў сабой той багаты патэнцыял, які павінны адкрыцца ў адносінах Слаўгарадчыны і Арзамаса.

Размова ў той дзень вялася сур’ёзная. Былі разгледжаны перспектывы культурнага абмену, стварэння сумеснага прадпрыемства і шэраг іншага.

“Нам прадстаіць правесці шмат перагавораў. Галоўнае, што мы, нягледзячы на межы, размаўляем на адной мове – мове ўзаемавыгады, сяброўства і хутчэй, братэрства”, — падкрэсліў  кіраўнік раёна.

“Мы таксама перакананы, што нам ёсць аб чым  размаўляць і абавязкова развіваць нашы адносіны. Для нас Беларусь – гэта брат, а яе людзі – блізкія нам па духу. І дапамагаць  мы будзем адзін аднаму, упэўнены, колькі будзем існаваць”, — адзначыў У. У. Яршоў.

Сябры з Расіі наведалі таксама свята “Александрыя збірае  сяброў” на Шклоўшчыне.

З цікавасцю нашы госці наведалі і раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

У хуткім часе  культурная ніва раёна дэлегіруе сваіх прадстаўнікоў у Арзамас, дзе яны прымуць удзел у конкурсе. А да нас прыедуць пошукавікі з Арзамасу, якія будуць дапамагаць у пошуку загінуўшых салдат Вялікай Айчыннай вайны.

Тэкст і фота

Ул. РЫЖАНКОВА.

 

Добавить комментарий