… і абаронім ад стыхій

Дзень пажарнай службы адзначаюць 25 ліпеня ў нашай краіне людзі, прафесія якіх і прадназначэнне – абарона людзей ад вогненнай і іншых прыродных стыхій, тэхнагенных катастроф і рознага кшталту надзвычайных сітуацый.

Традыцыйна з гэтай нагоды мы сустракаемся з начальнікам райаддзела  па надзвычайных сітуацыях з тым, каб даведацца, як работнікі аддзела забяспечваюць у раёне бяспеку, якая, па словах міністра  МНС Беларусі Уладзіміра Вашчанкі, з’яўляецца важнейшым фактарам развіцця краіны.

IMG_8238

Выконваючы абавязкі начальніка РАНС Аляксандр Уладзіміравіч ЖЫЛЯНКОЎ адказаў на шэраг пытанняў.

—Аляксандр Уладзіміравіч, колькі работнікаў налічвае райаддзел?

—Па штату ў нас налічваецца 53 работніка. Гэта разам з пастамі ў Лапацічах і Папоўцы.

—З якімі вынікамі аддзел пайшоў у другое паўгоддзе 2016 года?

—У параўнанні з аналагічным перыядам года мінулага, нам удалося знізіць колькасць пажараў на 33,3%. Смяротнасць людзей на пажарах знізілася на 100%. Тут трэба адзначыць вялікую сумесную прафілактычную работу з кіраўніцтвам раёна, суб’ектамі прафілактыкі.

— Ці ўсім неабходным забяспечаны аддзел, каб выконваць свае абавязкі якасна і ў поўным аб’ёме?

—На ўзбраенні ў нас знаходзяцца  8 аўтацыстэрн, адзін аварыйна-выратавальны аўтамабіль. Для  правядзення выратавальных работ на вадзе мы маем адзін аўтамабіль павышанай праходнасці і дзве лодкі. Маем і разнастайны гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент. У мінулым годзе ад нашага Міністэрства мы атрымалі пажарную аўтацыстэрну з павялічаным  запасам вады. Гэты МАЗ дазваляе аднаразова даставіць да месца пажару аж 10 тон вады. Гэта ў некалькі разоў  болей, чым у старых машын. Перададзены ў 2015 нам і легкавы аўтамабіль Джылі. Карацей кажучы,  самае неабходнае мы маем.

—Зараз на палетках раёна распачаты ўборачныя работы. Вашы байцы задзейнічаны на іх?

—Хутчэй у тэарэтычным плане. Мы даглядаем і праводзім інструктажы з работнікамі гаспадарак  на месцах захавання, уборкі ўраджаю. Раней арганізаваны былі і дзяжурствы нашых работнікаў і тэхнікі на палетках. Але зараз гаспадаркі забяспечаны водападаючай тэхнікай, якая ў любы момант дазволіць справіцца з агнём. Дарэчы, наяўнасць такой тэхнікі ў кожнай гаспадарцы – абавязковае  патрабаванне.

—Разгул стыхіі, які назіраецца ў нашай краіне, на рабоце РАНС якімсьці чынам адбіўся?

—Наш раён, дзякаваць Богу, стыхія  не закранула. Мы ажыццяўлялі адзіночныя выезды на ліквідацыю паваленых дрэваў. Але гэта было хутчэй штатнае становішча.

Пакуль дажджы нам крыху дапамагаюць. Але спякота вернецца. Разам з ёй і пагроза пажараў. Па вобласці, для даведкі, каля 50  домаўладанняў пацярпелі ад пажараў з-за сухой расліннасці вакол іх. Таму мы адсочваем такія патэнцыйна небяспечныя аб’екты і даводзім інфармацыю да органаў улады.

Удзельнічаем мы і  ў рэйдах па несанкцыянаваных месцах купання. Гэтая тэма  таксама востра стаіць на кантролі ў нашай службе.

—Платныя паслугі па-ранейшаму аказвае РАНС?

—Вядомая справа. Мы дапамагаем у дэмантажы пабудоў і канструкцый. Аварыйныя дрэвы, якія трэба ўбраць, таксама нам па сілах.

—У хуткім часе ваша прафесійнае свята. Адзначыце кагосьці?

—Два нашых супрацоўніка адзначаны ўзнагародамі: В. В. Ісачанка  — нагрудным знакам “Выдатнік” і С. А. Мамонаў – медалём “За бездакорную службу” III ступені. Шэраг работнікаў узнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі ад абласнога ўпраўлення.

—Дзякуй за размову, са святам асабіста Вас і калектыў РАНС.

—Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да жыхароў раёна. Паважаныя землякі, ніхто акрамя вас саміх не гарантуе вам бяспекі. Давайце не будзем грэбаваць элементарнымі правіламі і зберажом  сябе, сваю маёмасць ад агню і іншых пагроз.

А калег  і ветэранаў віншую са святам. Няхай яно ў кожны дом прыйдзе. А цяпло, дабрабыт, мір і спакой  будуць вашымі спадарожнікамі.

Гутарыў Ул. РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий