З увагай да кожнага

забота

На бягучым тыдні  “цягнік” “Забота” спяшаўся на чарговыя сустрэчы з вяскоўцамі аддаленых і маланаселеных вёсак. У гэты раз членаў “цягніка” чакалі жыхары вёсак  Свенскага сельскага Савета: Бязуевічы, Слаўня і Церахоўка.

На чале са старшынёй райсавета дэпутатаў В. І. Бычык на сустрэчах прысутнічалі прадстаўнікі: райвыканкама,  Свенскага сельвыканкама, ВУ “Слаўгарадгаз”, райпа, РАУС, сацслужбы, валанцёр Чырвонага Крыжа і іншыя.

Традыцыйна можна было змерыць артэрыяльны ціск, набыць лекі і атрымаць парады ад медсястры Свенскай амбулаторыі  Н. І. Свірыдзенка.

В. І. Бычык і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. М. Шаўцова ў сваіх выступленнях акцэнтавалі ўвагу вяскоўцаў на прадстаячых парламенцкіх выбарах, расказалі аб ходзе ўборачнай у раёне, нагадалі правілы пажарнай бяспекі ў спякотны час.

Жыхары вёскі  Слаўня не прамінулі задаць пытанні гасцям: чаму да іх газ у балонах прывозяць толькі адзін раз у тыдзень? А што рабіць, калі газ закончыўся на некалькі дзён раней, чым прывязуць? Ці можна змяніць гэтую сітуацыю?

Пытанне было занатавана. Учора карэспандэнт “ПК” патэлефанаваў дырэктару ВУ “Слаўгарадгаз” В. Н. Кананчуку і адрасаваў яму пытанні вяскоўцаў.

Змяшчаем  яго адказ: “ Гэтыя пытанні з разраду набалелых. У Слаўні ўсяго пяць дамоў, якія мы абслугоўваем ў пэўны дзень. Гэты дзень – чацвер. Газ у балонах дастаўляецца спажыўцам у адпаведнасці з графікам, які зацверджаны старшынёй райвыканкама. Да таго, гэтая пытанне ўздымалася на нарадзе ў райвыканкаме. На жаль, сітуацыю не зменіш. Трэба падлажвацца пад графік. Бо ў іншыя дні газ таксама чакаюць у другіх населеных пунктах”.

Пасля таго, як абмеркаванне пытанняў скончылася, слова трымалі самадзейныя артысты Свенскага і Руднянскага сельскіх клубаў, загадчыца аўтаклуба РЦК і НТ Г. М. Максімава.

Засмучонасць і турботы адразу адыйшлі на другі план. Гледачы падпявалі знаёмыя песні ва ўнісон артыстам, чым надавалі свайму настрою пазітыву і радасці. На гэтай ноце і развіталіся.

С. ІГАРАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий