Першыя тысячнікі ў раёне

Кіпіць жніво на Слаўгарадчыне. Тры чвэрці ад запланаванага хлебаробы раёна ўжо  зжалі. А гэта каля 8 тысяч гектараў. На фінішнай прамой ужо падаўляючая большасць гаспадарак. 25 тысяч тон  “золата” зерневых ужо сабрана і захавана. Сярэдняя ўраджайнасць па раёну складае 33 ц/га. Вядомая справа, і рубеж у тысячу тон намалота ўзяты. З гэтай нагоды на палеткі   накіраваліся з віншаваннямі і  матэрыяльнай удзячнасцю першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу К. А. Жыгуцкі, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Л. В. Ануфрыеў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. М. Шаўцова, лідар раённага аб’яднання прафсаюзаў С. М. Дзенісенка. Работнікі культурнай нівы таксама прымалі ўдзел у шанаваннях тысячнікаў.

IMG_8333

А першымі прымалі словы ўдзячнасці і віншаванні А. Л. Караткоў, вадзіцель КСУП “Заранскі”, які на МАЗе 6501-А8 перавёз ад камбайна на мінулую нядзелю 1014 тон збожжа, і В. В. Саплёў, механізатар ААТ “Урачанскі”, які на той жа дзень  на МТЗ-1523 адвёз ад камбайнаў 1046 тон.

IMG_8345

Пакуль асноўная маса слаўгарадчан  у раніцу той нядзелі яшчэ даглядала сны, гэтыя працаўнікі ўжо шчыравалі на палетках. Леанід Віктаравіч з Аленай Міхайлаўнай шчыра павіншавалі тысячнікаў, падзякавалі і кіраўнікоў гаспадарак за адказнасць і прынцыповасць у арганізацыі жніва.

IMG_8357

Ужо мінулая серада прынесла імёны новых тысячнікаў. Але гэта былі ўжо і зернеўборачныя экіпажы. І абодва шчыруюць у ААР “Прывольны агра”. Бацька з сынам Антонавы Генадзь Міхайлавіч  і Мікіта Генадзьевіч намалацілі на КЗС-1218 на мінулую сераду 1028 тон.

IMG_8362

Іхнія калегі па гаспадарцы  і таксама сямейны ўборачны экіпаж Сяргей Аляксеевіч Федаровіч з жонкай Інай Фёдараўнай на КЗС-1218 на 10 жніўня намалацілі 1010 тон. Канстанцін Аляксандравіч адзначыў, што ў раёне маецца ўсё неабходнае, каб правесці жніво ў адведзены тэрмін і з максімальнай якасцю. “І прыемна, што нашыя ўсе рупліўцы, не толькі тысячнікі, аддаюцца поўнасцю жніву. Гэта дарагога каштуе”, — падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама падчас узнагароджвання.

Таццяна Рыгораўна Кухарава таксама  адзначыла, што калектыў, задзейнічаны на жніве ў “Прывольным агра” у гэтым годзе, вельмі згуртаваны. Нікога не трэба падштурхоўваць, кантраляваць. “Хлопцы ведаюць, за што працуюць. А пад ляжачы камень, як кажуць у народзе, заробак не прыйдзе”, — жартуе кіроўца гаспадаркі.

IMG_8368

Атрымаўшы гарачы абед, пачуўшы прыгожыя песні і адчуўшы ўвагу з боку кіраўніцтва і спецыялістаў, хлебаробы вярнуліся  да напружанай працы.

IMG_8383Уладзімір Мікалаевіч Васіленка, механізатар ААТ “Урачанскі”, на МТЗ-82 з прычэпам ПСТ-6 на той дзень перавёз ад камбайнаў 1002 тоны збожжа і таксама прымаў віншаванні. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы ў гэтым годзе складваецца самая вялікая ўраджайнасць па раёну – 39,9 ц/га. “Што дазваляе адчуваць сябе крыху упэўненей, чым дагэтуль”, — гаворыць кіраўнік “Урачанскага” Л. М. Пасяленцава.

IMG_8407І ўжо ўчора Сяргей Міхайлавіч Антонаў, вадзіцель ААТ “Прысожжа”, дапоўніў спіс тысячнікаў. Ён на МАЗе-555 на ўчарашні дзень адвёз ад камбайнаў 1010 тон. Гэты руплівец таксама  не застаўся без увагі, у тым ліку і матэрыяльнай.

Па словах спецыялістаў райсельгасхарчу, у самым хуткім часе  армія тысячнікаў вырасце. А гэта красамоўна сведчыць, што з хлебам мы будзем. І  галоўным чынам, зразумела, не  забываючы пра спецыялістаў, дзякуючы менавіта такім хлопцам,  працаўнікам ад Бога.

Тэкст і фота

Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий