Беларусь сегодня

kv-zel2

Амаль 50 працэнтаў расходаў бюджэту на эканоміку

Беларусі ў I паўгоддзі пайшло на падтрымку сельскай

 гаспадаркі

Такая інфармацыя змешчана ў дакладзе “Аб стане дзяржаўных фінансаў Рэспублікі Беларусь”, апублікаваным сёння на сайце Мінфіна.

“Дзяржаўная падтрымка арганізацый рэальнага сектара эканомікі ажыццяўлялася галоўным чынам у выглядзе кампенсацыі часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, а таксама кампенсацыі страт банкаў па льготных крэдытах, прадастаўленых суб’ектам гаспадарання”, — гаворыцца ў дакуменце. У цэлым расходы бюджэту на нацыянальную эканоміку ў першым паўгоддзі склалі Br17,7 трлн (недэнамінаваных рублёў), або 14 працэнтаў усіх бюджэтных расходаў.

Згодна з дакладам, аб’ём сродкаў, накіраваных на фінансаванне сацыяльнай сферы (ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі, адукацыя, сацыяльная палітыка), склаў Br59,6 трлн, з іх на адукацыю пайшло Br24,8 трлн, ахову здароўя — Br17,9 трлн.

У цэлым расходы кансалідаванага бюджэту ў студзені-чэрвені прафінансаваны ў суме Br105,7 трлн (на 19,9 працэнта вышэй, чым за шэсць месяцаў 2015 года ў намінальным выражэнні, на 9 працэнтаў — у рэальным). Адносна ВУП расходы бюджэту павялічыліся на 2,2 працэнта і склалі 28,7 працэнта ВУП.

Даходы кансалідаванага бюджэту па выніках першага паўгоддзя склалі Br134,6 трлн і павялічыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 8,8 працэнта ў намінальным выражэнні (у рэальным — зменшыліся на 1,1 працэнта). Адносіны даходаў кансалідаванага бюджэту да ВУП склалі 30,5 працэнта (за першае паўгоддзе 2015 года — 31 працэнт).

Галасаванне на выбарах

не павінна быць штучным

Заявіў 6 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

“У нас пачалося датэрміновае галасаванне. Я хацеў бы звярнуць і вашу ўвагу, і тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб  не было ў нас нічога штучнага, каб мы не гналі людзей на выбары, каб мы дастойна іх правялі, каб гэта сапраўды было свята і мы разумелі, што робім гэта для сваёй краіны і народа”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што, вядома, яму хацелася б, каб на выбары прыйшло як мага больш людзей. “Гэта паказчык сувязі паміж уладай і народам, паказчык ацэнкі людзьмі парламенцкіх выбараў, ролі дэпутатаў, парламента ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы. Але тым не менш падкрэсліваю: заганяць людзей на ўчасткі не трэба, трэба іх папрасіць. Трэба папрасіць, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ёсць меркаванні, што Захад дасць нізкую ацэнку выбарам, калі будзе вялікі працэнт датэрміновага галасавання. “Я думаю, нам гэтага баяцца не трэба. Вельмі сур’ёзныя сродкі масавай інфармацыі прааналізавалі іншыя краіны — там ніхто не напружваецца наконт гэтага. Надвор’е на гэтым тыдні будзе цудоўнае, людзі будуць сядзець на дачах, на беразе возера, будуць займацца сваімі пытаннямі, і кожны будзе выбіраць момант, калі яму лепш прагаласаваць”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у сувязі з займаемай пасадай яму было б лепш прагаласаваць датэрмінова. “Але я так падумаў, што, калі датэрмінова прагаласую, перавернецца свет. І я ўжо адкідваю ўсе пытанні — збіраюся прагаласаваць у нядзелю, як звычайна. Таму не трэба напружвацца — датэрмінова ці недатэрмінова. Галоўнае, каб чалавек прагаласаваў. Мы гэта робім для свайго народа”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Пачне работу новы парламент, ціха, спакойна будзем жыць і працаваць. Галоўнае, каб гэта палітычная кампанія не парушыла мір і спакой у нашай краіне. Нам ён вельмі неабходны. Таму я звяртаюся да людзей, каб яны прыйшлі і прагаласавалі на гэтых выбарах так, як лічаць патрэбным”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што вялікая колькасць журналістаў збіраецца асвятліць удзел Прэзідэнта ў галасаванні. На што Аляксандр Лукашэнка адказаў: “Усе пачалі турбавацца, дзе прапаў малодшы сын. Я ж чытаю ў тым ліку ўсялякую гразь. Я абавязкова з малодшым сынам прыйду, як звычайна. І дзеці прагаласуюць”.

У першы дзень

датэрміновага галасавання

на выбарах у Палату

прадстаўнікоў на ўчасткі прыйшлі амаль 4 працэнты

выбаршчыкаў

У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў — 6 верасня — прагаласаваць на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 3,92 працэнта выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы. Такія даныя апублікаваны на сайце ЦВК.

У Брэсцкай вобласці прагаласавала 2,71 працэнта выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы, у Віцебскай — 5 працэнтаў, у Гомельскай і Гродзенскай — 3,62 працэнта і 3,84 працэнта адпаведна.

У Мінскай вобласці ў першы дзень датэрміновага галасавання на ўчасткі прыйшлі 3,7 працэнта выбаршчыкаў, у Магілёўскай — 4,61 працэнта. У Мінску прагаласавала 4,18 працэнта выбаршчыкаў ад спісачнага складу. На ўчастках за межамі Беларусі свой выбар зрабілі 5,25 працэнта выбаршчыкаў.

Датэрміновае галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў стартавала 6 верасня і прадоўжыцца па 10 верасня. Выбары назначаны на 11 верасня.

Золатавалютныя рэзервы

Беларусі выраслі ў жніўні

на $82,3 млн

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў жніўні ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду павялічыліся на $82,3 млн і, паводле папярэдніх даных, на 1 верасня склалі $4 млрд 711,9 млн у эквіваленце. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў зменшыўся на $0,9 млн і на 1 верасня склаў $5 млрд 185,1 млн у эквіваленце. Падтрыманню золатавалютных рэзерваў садзейнічалі паступленне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў Беларусі і Нацыянальным банкам аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, купля Нацбанкам замежнай валюты на таргах ААТ “Беларуская валютна-фондавая біржа”, а таксама паступленнi ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

Адмоўны ўплыў на аб’ём золатавалютных рэзерваў у асноўным аказала пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце ў поўным аб’ёме.

БелТА.

Добавить комментарий