Лукашэнка прыбыў з дзяржаўным візітам у Кітай

 

53

Самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы зрабіў пасадку ў пекінскім аэрапорце Шаўду (у перакладзе з кітайскага азначае “Сталіца”. — Заўвага БЕЛТА).

Праграмай візіту запланаваны перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Па іх выніках чакаецца падпісанне каля 30 міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах.

Плануецца, што галоўным дакументам, які характарызуе ўзровень двухбаковых адносін і асноўныя праграмныя напрамкі іх развіцця, стане сумесная дэкларацыя, якую падпішуць лідары дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне таксама правядзе сустрэчы з прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам і старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам.

Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі наведае Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ, студэнтамі, адкажа на іх пытанні.

Напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў сталіцу КНР прыбыла прадстаўнічая беларуская дэлегацыя ў складзе членаў урада, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, дырэктараў буйных прамысловых прадпрыемстваў. У іх ужо адбыўся шэраг плённых рабочых сустрэч і перагавораў з кітайскімі партнёрамі.

БелТА.

Добавить комментарий