З лікам “нічыя”

img_9263

Вось ужо паловы восені як і не было. Самы прыгожы яе час, верасень, калі радавала вока восеньская палітра і сонейка яшчэ ласціла сваім цяплом, на жаль, скончыўся. Самы час расказаць нашым чытачам, як склалася дэмаграфія верасня ў раёне.

Парадавала колькасць нованароджаных – аж 17 дзетак з’явіліся на свет у вераснёўскія дні і прынеслі сваім бацькам шквал радасці і прыемных турбот. Амаль пароўну нарадзілася гараджан і вяскоўцаў, адпаведна 8 і 9. А вось прадстаўніц прыгожай паловы аказалася больш – іх 10, хлопчыкаў – 7. Імёны сваім дзеткам бацькі выбралі як традыцыйныя, так і арыгінальныя. Нованароджаных слаўгарадчанак назвалі: Мілана, Вікторыя, Кацярына, Елізавета, Влада, Маргарыта, Аліса, Яна і Ангеліна. Хлопчыкам далі імёны: Яраслаў, Віталь, Ігар, Мікіта, Павел, Аляксей і Іван.

Няхай усе дзеткі растуць здаровымі і шчаслівымі, а бацькам жадаем цярпення і мудрасці ў выхаванні сваіх крывіначак. Няхай Гасподзь засцерагае вашых дзетак.

Восеньскія вяселлі адны з самых прагожых: сама рыжуля-прырода спрыяе таму, што амаль пад кожным дрэвам можна зрабіць непаўторныя сваёй палітрай здымкі маладых і гасцей. Гэтай парой шэсць пар закаханых сардэц звязалі сябе вузамі Гіменэя і згулялі вяселлі: 4 – у горадзе, 2 – на вёсцы. Шчырыя віншаванні з нагоды стварэння новых сем’яў дасылаем усім маладым. Кахайце адзін аднаго, шануйце, паважайце, будзьце адным цэлым: і ў радасці, і ў горы. А яшэ жадаем, каб вы хутчэй адчулі бацькоўскую радасць і членаў вашай шчаслівай сям’і толькі прырастала здаровымі дзеткамі.

1:1, або нічыя – з такім лікам завяршылі верасень адмоўная і станоўчая дэмаграфічная статыстыка. 17 слаўгарадчан пакінулі гэты свет (9 гараджан і 8 вяскоўцаў). Сем’ям, куды разам са стратай роднага чалавека прыйшлі скруха, гора і боль, жадаем трымацца і выказваем шчырыя словы спачування.

Верасень завяршыў трэці квартал года. Вынікі дзевяці месяцаў наступныя: 124 дзіцяці нарадзілася ў раёне (74 – гараджане, 50 – вяскоўцы); зарэгістравана 44 шлюбы (перавага за горадам –31, на вёсцы згулялі вяселлі толькі 13 пар); аддзелам ЗАГС скасавана пяць шлюбаў; пайшлі з жыцця 160 чалавек (87 – у горадзе, 73 – на вёсцы).

Дадзеныя, прадастаўленыя начальнікам

аддзела ЗАГС райвыканкама М. НІКІЦІНАЙ, апрацавала С. ІГАРАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий