Багацце і шчодрасць слаўгарадскай зямлі

13

На днях у рамках абласнога праекта «Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны» на базе Магілёўскага метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы праходзіла творчая прызентацыя нашага раёна. Слаўгарадскую дэлегацыю, якую ўзначалілі намеснік старшыні райвыканкама С.А. Езерская і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Шаўцова, прадстаўлялі работнікі культурнай нівы.

У фае Цэнтра разгарнулася цэлая творчая, так бы мовіць, экспазіцыя, якая адлюстроўвала нашы мясцовыя традыцыі, культуру, наогул усё тое, чым жывуць слаўгарадчане, чым славіцца прысожскі край. Шыкоўныя выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прыцягвалі гасцёў прызентацыі, як той магніт. Іх цікавілі і вырабы з саломкі і лазы, і самабытныя беларускія лялькі, і вышытыя ручнікі, і шмат чаго яшчэ. Адначасова слаўгарадскія майстры наладзілі майстра-класы для прысутных, дэманструючы ім тэхнікі саломапляцення, вышыўкі і іншыя.06

Наўкола разносіўся духмяны пах хатняга хлеба, якім гасцей частавала гаспадыня Л.Г. Чабатар, загадчыца Руднянскага сельскага клуба, і расказвала аб асаблівасцях яго выпечкі. Тут жа фальклорны ансамбль “Вясковачкі” Васькавіцкага сельскага клуба прапанаваў усім жадаючым развучыць элементы бытавых танцаў. Такая прапанова знайшла водгук – госці ўключыліся ў цікавае танцавальнае дзейства.

Безумоўна, не абыйшлося і без прэзентацыі брэнда нашага раёна – хатніх сыроў, якія сыраробы прадставілі ў шырокім асартыменце і на любы густ. Госці частаваліся і нахвальвалі сырных майстроў.

Цікавымі былі  выстава сувенірнай прадукцыі, якую прапанавалі работнікі кінатэатра “Радзіма”, выстава-панарама кніжнай прадукцыі “Слаўгарад: гісторыя, падзеі, людзі” цэнтральнай раённай  бібліятэкі.

Пасля творчыя калектывы і салісты Слаўгарадчыны “зажигали” на сцэне канцэртнага зала “Магілёў”, творча і натхнёна прадставіўшы праграму “Таленавітая Слаўгарадчына запрашае”.

Народны ансамбль народнай песні «Крыніца», вакальны мужчынскі ансамбль РАНС, народны ансамбль музыкі і песні «Прысожскія музыкі» уразілі гасцей свята сваімі энергіяй і харызмай. Шчыра і з душой выступілі Дыяна Ісмайлава, Наталля Трафімчук, Вікторыя Гарадзецкая, Наталля Купрэева і Яўген Аношка, выклікаўшы бурныя авацыі залы. 01

Свае талент і выдатны настрой шчодра дарылі гледачам народны ансамбль народнай песні «Чапурушкі», народны танцавальны калектыў «Бліскавіца», танцавальны калектыў «Дзяўчаткі», вакальнае трыо «Дыямант» і іншыя. У фінале мерапрыемства па традыцыі С.А. Езерская перадала сімвал фестываля, а з ім і эстафету Хоцімскаму раёну.

С. ІГАРАВА.

Добавить комментарий