Багаты талентамі край!


Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў рамках Года культуры арганізаваў на тэрыторыі раёна правядзенне фестывалю народных талентаў Слаўгарадскай зямлі. Асноўнай ідэяй арганізатары бачаць дэманстрацыю работы і творчых здабыткаў вясковых устаноў культуры, якія аб’яднаныя тэрытарыяльна межамі сельсаветаў раёна.

У сераду адкрыццё фестывалю прайшло ў Целяшах. У сельскі Дом культуры завіталі шаноўныя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў В.І. Бычык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Шаўцова, яе намеснік А.В. Воранава, в.а. старшыні Гіжэнкаўскага сельвыканкама Л.В. Ерафеева, дырэктар  ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна” Г.В. Купрыянцава, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна” Н.А. Шамалава, дырэктар раённага Дома рамёстваў Н.А. Купрыянцава.

Народнымі спевамі і хлебам-соллю сустракалі работнікі клубных устаноў гасцей свята. Да ўвагі прысутных былі наладжаны выставы, арганізаваныя работнікамі вясковых бібліятэк. Тут былі сабраныя шматлікія матэрыялы аб славутых земляках, гісторыі роднай вёсачкі, а таксама можна было палюбавацца вырабамі мясцовых рукадзельніц і відамі народных промыслаў. Гаспадары сардэчна запрашалі пакаштаваць і традыцыйныя беларускія стравы.

Глядзельная зала была запоўнена гледачамі – мясцовымі жыхарамі і В.І. Бычык звярнулася да ўсіх прысутных з прывітальнымі словамі. Вольга Іосіфаўна павіншавала жыхароў аграгарадка Целяшы з тым, што стартуе фестываль менавіта ў іх населеным пункце. Яна адзначыла, што гэты агляд нумароў мастацкай самадзейнасці падводзіць своеасаблівы вынік усім мерапрыемствам Года культуры. Старшыня райсавета дэпутатаў пажадала поспехаў усім артыстам і ўдзельнікам фестывалю.

Вядучая мерапрыемства, Галіна Капусціна, прапанавала ўсім гледачам не шкадаваць апладысментаў для выступаючых, каб падрымаць тых, хто занадта хвалюецца, і канцэрт пачаўся. Па чарзе свае творчыя праграмы паказалі калектывы Целяшэўскага, Гіжэнкаўскага сельскіх Дамоў культуры, Лецягскага сельскага клуба і Бярозаўскага сельскага клуба. У выступленнях знайшлі сваё адлюстраванне і народныя напевы, і песні вайны, былі таксама і гумарыстычныя сцэнкі, прыпеўкі. Усе нумары мастацкай самадзейнасці прыйшліся да спадобы гледачам і былі падтрыманыя шчырымі апладысментамі і ўсмешкамі.

А пасля таго, як усе клубныя ўстановы Гіжэнкаўскага сельвыканкама закончылі свае выступленні, на сцэну паднялася выконваючая абавязкі старшыні Л.В. Ерафеева. Людміла Віктараўна павіншавала ўсіх прысутных з такім святочным мерапрыемствам і падзякавала артыстаў за такія шчырыя таленавітыя выступленні, якія далі зарад пазітыву і добрага настрою. З найлепшымі пажаданнямі яна перадала сімвал фестывалю – саламяную кампазіцыю кветак – у Кабінагорскі сельскі Савет, які прадоўжыць эстафету дэманстрацыі народных талентаў. Прыняла сімвал В.І. Бычык і выказала шмат цёплых слоў у адрас творчых калектываў і арганізатараў мерапрыемства, якое назвала сапраўдным народным святам.

Трэба адзначыць, што фестываль народных талентаў, які арганізавалі на Слаўгарадчыне, з’яўляецца ў нейкім сэнсе ўнікальным. Бо ладзіцца толькі ў нашым раёне і аб’ядноўвае амаль усіх работнікаў культуры, бібліятэк, рамеснікаў, аматараў народных промыслаў і беларускіх традыцый.

А.НЯМЦОВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий