Прапойскі прыгоннік – самадур

Нялёгкае было жыццё прапойскіх сялян у эпоху прыгоннага  права. Акрамя штодзённай баршчыны, яны былі абавязаны выплачваць  памешчыку  натуральныя падаткі і адбываць розныя павіннасці. У канцы XVIII стагоддзя сяляне Прапоска  і навакольных вёсак некалькі разоў скардзіліся  Галіцыну на ўпраўляючага, які сваім вымагацельствам давёў іх да галечы. Але на скаргі сялян Галіцын не звяртаў ніякай увагі. Пасля смерці Галіцына Прапойск перайшоў у рукі Яншыных.

Яншын-бацька лічыўся адукаваным гаспадаром. Купіўшы Прапойск і Краснаполье ў нашчадкаў Галіцына, ён заснаваў медзеплавільны завод у Старынцы, тэкстыльную фабрыку ў Прапойску, удасканаліў  вінакурны завод ля Сіняга калодзежа. За кароткі час на эксплуатацыі сялян Яншын нажыў велізарныя  багацці. У 1817 годзе яно перайшло да сына Дзмітрыя.

На прыкладзе Дзмітрыя Яншына можна бачыць, як праходзілі сваё жыццё многія  прыгоннікі-памышчыкі царскай Расіі. Дзмітрый Яншын меў даволі высокую адукацыю, цаніў прыгожыя мастацтвы. Разам з тым, як і многія іншыя памешчыкі таго часу, ён быў любіцелем бляску, раскошы, на што траціў велізарныя сродкі. У прапойскіх харомах  Яншына  знаходзіліся багатая бібліятэка, карцінная галярэя, калекцыя мурмарных і бронзавых статуэтак і інш.

Але больш за ўсё Яншын праславіўся сваімі папойкамі. Сотні п’яніц і прайдзісветаў з самых далёкіх  месц з’яджаліся да госцепрыімнага ўладальніка Прапойска. Амаль кожны дзень у доме Яншына грымелі  піры. У адзін дзень на такую дваранскую  забаву  вылятала на вецер катаржная  гадавая праца соцень прыгонных сялян.  У стане вар’яцкага ап’янення Яншын дарыў сваім сабутыльнікам уласныя багацці. Так, у часе чарговай папойкі адзін з гасцей прачытаў   у гонар Дзмітрыя Яншына такі верш:

”Не Димитрий ты донской,

Не Димитрий самозванец;

Но Димитрий пропойской

Словом, — пъяница из пъяниц».

За гэты вершык Яншын падарыў  творцу  цэлую вёску разам з сялянамі.

З кожным годам улятучваліся багацці Яншына. Усё больш скарачаліся яго ўладанні. У 1825 годзе прапіў ён апошнюю сваю вотчыну – Прапойск. Яншына, які канчаткова разарыўся, пакінулі ўсе яго сябры. Былы міліянер памёр у беднай сялянскай хаце на саломе.

 

Добавить комментарий