“Вяселле” у Новай Слабадзе  і вячоркі ў Лясной

 

Фестываль народных талентаў Слаўгарадскай зямлі, пра адкрыццё якога мы пісалі ў мінулым нумары раёнкі, працягвае крочыць па раёну. Новаслабодскі сельскі клуб стаў новай пляцоўкай для свята народнай творчасці клубных устаноў Кабінагорскага сельскага Савета.  8 снежня ў клуб в. Н.Слабада завіталі: старшыня раённага Савета дэпутатаў В.І. Бычык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Шаўцова, яе намеснік А.В. Воранава, старшыня Кабінагорскага сельскага Савета В.А. Сівухін, дырэктар ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна” Г.В. Купрыянцава, яе намеснік М.В. Баранава, дырэктар ДУК “Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна”  Л.Э. Кунцэвіч, яе намеснік Н.А. Шамалава, дырэктар раённага дома рамёстваў Н.А. Купрыянцава.

Сустракалі гасцей прывітальнай песняй і традыцыйным хлебам-соллю артысты ў народных касцюмах у фае клуба. Тут жа  для ўвагі наведвальнікаў была арганізавана бібліятэкарамі вясковых і гарадской бібліятэк выстава. Яна падрабязным чынам знаёміла з гісторыяй і сучаснасцю роднага краю, знакамітымі землякамі Слаўгарадчыны. Асабліва ўтульную атмасферу стваралі ўпрыгожванні памяшкання. Разнастайныя рушнікі, абрусы, сурвэткі захаплялі сваёй прыгажосцю і яркімі кветкамі. Асобныя раздзелы выставы былі прысвечаны рукадзеллю мясцовых майстрых. Вышытыя іх рукамі іконы і маляўнічыя пейзажы выклікалі адчуванне, што знаходзішся ў нейкім музеі, бо ўзровень выканання гэтых работ не пакідаў ніякіх сумненняў наконт таленту мастачак. Быў на выставе і куточак, прысвечаны хатняй сыраварні Алены Мікалаеўны Вараб’ёвай, дзе ўсе жадаючыя маглі пакаштаваць сыр.

Мясцовыя жыхары актыўна прыйшлі падтрымаць аднавяскоўцаў і таму зала была поўная. Гаспадары свята прапанавалі гледачам творчую праграму, якую падрыхтавалі па матывам усім вядомай камедыі “Вяселле ў Малінаўцы”. Любімыя намі персанажы кінастужкі былі паказаны артыстамі вельмі дасканала, з гумарам і выклікалі шмат апладысментаў і захапленне аўдыторыі. Сцэнкі чаргаваліся з песнямі, якія таксама былі выкананы на высокім узроўні. Сваю творчую праграму на фестывалі прадэманстравалі і самадзейныя артысты Руднянскага сельскага клуба. Сям’я Чабатар, ужо добра вядомая жыхарам раёна, і тут вельмі ўдала паказала свае таленты і артыстычныя здольнасці.

Шмат цёплых слоў удзячнасці ў адрас артыстаў і ўсіх тых, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы фестывалю, гучала ад старшыні Кабінагорскага сельскага Савета В.А. Сівухіна. Вадзім Аляксандравіч выступіў ад імя ўсіх гасцей святочнага мерапрыемства і перадаў эстафету ў выглядзе саламянай кветкі Лапаціцкаму сельскаму Савету. В.І. Бычык  узяла на сябе місію перадаць гэты сімвал і, у сваю чаргу, выказала шчырыя словы падзякі артыстам і павіншавала мясцовых жыхароў з такім на самой справе святам народных талентаў Слаўгарадчыны.

*   *   *

А ўжо у мінулы аўторак фестываль сустракаў сваіх прыхільнікаў у аграгарадку Лясная. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Шаўцова, старшыня Лапаціцкага сельскага Савета С.С. Байцоў, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна” М.В. Баранава, дырэктар ДУК “Централізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна” Л.Э. Кунцэвіч, загадчыца аддзела камплектавання бібліятэчнай сеткі Н.А. Аўдзеенка завіталі ў Ляснянскі сельскі Дом культуры.

У фае ўстановы гасцей чакала выстава, арганізаваная бібліятэкарамі і работнікамі культуры, якія працуюць на тэрыторыі Лапаціцкага сельскага Савета. Вельмі цікава расказвалі бібліятэкары пра сваіх славутых землякоў і гісторыю развіцця вёсак савета. Таксама былі прадстаўлены выдатныя працы дзетак, якія наведваюць розныя гурткі пры мясцовых клубных установах.

Што датычыцца канцэрта, то самадзейныя артысты Ляснянскага і Лапаціцкага сельскіх Дамоў культуры прадставілі свае творчыя праграмы ў выглядзе традыцыйных беларускіх вячорак. І ў гледачоў складвалася поўнае ўяўленне, што яны знаходзяцца ў сапраўднай вясковай хаце. Тут былі і народныя спевы, і выкананне вершаў пра родны аграгарадок, і танцы. Нікога не пакінулі абыякавым гумарыстычныя сцэнкі, а выклікалі смех і апладысменты ў зале. Трэба адзначыць, што ў якасці артыстаў выступалі і дзеці, і дарослыя, і людзі сталага ўзросту.

Напрыканцы мерапрыемства старшыня Лапаціцкага сельсавета выказаў свае ўражанні ад фестывалю. Сцяпан Сцяпанавіч шчыра падзякаваў артыстаў за добрыя канцэртныя нумары, павіншаваў аднавяскоўцаў з такім па-сапраўднаму святочным днём і ўручыў пераходны сімвал А.М. Шаўцовай, якая перадасць яго далей – у Васькавіцкі сельсавет. Алена Міхайлаўна падрабязна расказала жыхарам Лясной пра фестывальную ідэю. Яна адзначыла, што гэты марафон народных талентаў чарговы раз паказаў, наколькі адораныя людзі жывуць на слаўгарадскай зямлі. Яна павіншавала ўсіх з тым, што і ў іх аграгарадку адбылося такое свята народнай творчасці і пажадала ўсяго самага лепшага.

А фестываль працягвае крочыць па раёну. Наступнымі свае творчыя праграмы прапануюць гледачам калектывы мастацкай самадзейнасці Васькавіцкага сельскага Савета.

Тэкст і фота

А.НЯМЦОВАЙ.

Добавить комментарий