Завод у Старынцы

Самым буйным прамысловым прадпрыемствам Беларусі ў сярэдзіне XIX стагоддзя з’яўляўся металургічны завод у Старынцы. Завод быў аснован  у 1813 годзе. Першапачаткова ён пераапрацоўваў старую медзь, якую дастаўлялі мясцовыя памешчыкі. За  год пераплаўлялася да 500 пудоў медзі. З медзі вырабляліся чаны для вінакурань, самавары, каструлі.

У 30 гады ўладальнік Старынкі Бекендорф пачаў рэканструкцыю завода. На беразе рэчкі  Ельні, якая  працякае праз  Старынку, былі пабудаваны вагранка, доменная печ і слясарная майстэрня. У гэты час Бекендорф прыняў заказ на пастаўку для Чарнаморскага флоту медных абшывачных лістоў, балтоў і медных парахавых скрынак. Для паляпшэння вытворчасці Бекендорф выпісваў з Расіі вопытных  майстраў-металургаў.  Сыравіна для завода дабывалася ў ваколіцах Старынкі. Медзь і сталь прывозілі з Урала.

Найвышэйшы росквіт завода прыпадае на 1858-1862 гады. За гэты перыяд заводам было  зроблена па заказах урада 14548 пудоў розных вырабаў. Апрача таго кожны год завод вырабляў па 10-15 тысяч пудоў прыватных заказаў.

У 1859 годзе на заводзе былі адна домна, медзеплавільная печ, жоры для расплаўкі  чыгуна, 200 кавальскіх горнаў, 22 такарных станкі. Усе машынныя горны знаходзіліся ў каменных карпусах, а слясарныя майстэрні – у 10 драўляных пабудовах. Кожны дзень  выплаўлялася да 140 пудоў жалеза. Для падвозкі матэрыялаў была пракладзена  вузкакалейная  чыгунка. Рэшткі чыгуннай насыпі захаваліся да нашага часу.

Завод у апошнія гады выпускаў павозкі, лафеты, жалезныя восі, карабельныя ланцугі, платформы, дротавыя канаты, прылады для нарэзкі ствалоў гармат, паравыя машыны высокага ціску, лакамабілі. Калі будавалі мост у Магілёве праз Днепр, усе металічныя  часткі  бралі ў Старынцы.

Пасля адмены прыгону на поўдні Расіі было пабудавана многа металургічных заводаў, якія выраблялі  таннае жалеза. Беларусскія заводы, не вытрымаўшы  канкурэнцыі, закрываліся. У 1867 годзе  быў закрыт і Старынскі завод. На яго месцы  памешчыца Карапоткіна потым адкрыла  картонную фабрыку, якая была разбурана ў гады першай сусветнай вайны.

Л. Клок,

навуковы супрацоўнік музея

бітвы пад Лясной.

(“Калгасны шлях” 1959 г.)

Добавить комментарий