З любоўю да народнай творчасці

 

Своеасаблівым падвядзеннем вынікаў Года культуры стаў у нашым раёне фестываль народных талентаў Слаўгарадскай зямлі. Гіжэнкаўскі, Кабінагорскі і Лапаціцкі сельсаветы ўжо мелі магчымасць паказаць лепшыя творчыя здабыткі сваіх жыхароў. Прыйшоў фестываль і ў Васькавіцкі сельсавет.

Ржаўскі сацыяльна-культурны цэнтр сустракаў на мінулым тыдні шаноўных гасцей: старшыню раённага Савета дэпутатаў В.І. Бычык, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Шаўцову, яе намесніка А.В. Воранаву, старшыню Васькавіцкага сельвыканкама  А.В. Плехаву, намесніка дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна” М.В. Баранаву, намесніка дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна” Н.А. Шамалаву, дырэктара раённага дома рамёстваў Н.А. Купрыянцаву.

Традыцыйна праграма фестывалю распачалася  ў фае ўстановы культуры. Вясковыя бібліятэкі прадставілі да ўвагі наведвальнікаў выставу, якая красамоўна адлюстроўвала, чым жыве тая ці іншая вёска. Былі  і экскурсы ў гістарычнае мінулае, і знаёмства са знакамітымі землякамі і проста працавітымі жыхарамі, якімі можна ганарыцца. Асобныя стэлажы былі прысвечаны гадам ваеннага ліхалецця. На выставе можна было падрабязным чынам даведацца, як наладжана работа з насельніцтвам у клубных установах, і якія поспехі ў гэтым накірунку дасягнуты. Быў тут і беларускі куточак, каб нагадаць гасцям, якімі спрадвечнымі рамёствамі займаюцца на Слаўгарадчыне, і якія традыцыйныя стравы гатуюць мясцовыя гаспадыні.

Ужо ў самой глядзельнай зале (у якой, трэба адзначыць, амаль не было вольных месцаў) першымі сваю творчую праграму паказалі самадзейныя артысты Васькавіцкага сельскага клуба. Вясковыя навіны пры дапамозе песень, вершаў, гутарак расказалі як ужо сталыя шаноўныя калектывы – фальклорны ансамбль “Вясковачка”, народны ансамбль народнай песні “Чапурушкі”, так і  юныя артысты.

Другімі выступілі артысты аграгарадка Ржаўка. Ва ўсіх нумарах мастацкай самадзейнасці чырвонай ніткай праходзіла любоў да роднага куточка і народнай творчасці. Таксама свае таленты гледачам прадэманстравалі юныя наведвальнікі танцавальнага і вакальнага гурткоў сацыяльна-культурнага цэнтра. Усе выканаўцы былі сустрэты працяглымі апладысментамі.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, В.І. Бычык адзначыла, што ў рамках фестывалю гэта ўжо чацвёрты сельсавет, у якім адбылося такое свята народных талентаў. І кожная ўстанова культуры заўсёды знаходзіць нейкія арыгінальныя прыёмы, каб адлюстраваць мясцовы каларыт. Вольга Іосіфаўна шчыра падзякавала артыстаў і пажадала ўсім жыхарам аграгарадка здароўя, шчасця і як мага больш нагод  для свята. Аб пераемнасці пакаленняў, якая ўжо назіраецца ў калектывах мастацкай самадзейнасці, гаварыла ў сваёй прамове А.В. Плехава. Яна павіншавала ўсіх з такім святам народных талентаў, пажадала ўсяго самага лепшага жыхарам і гасцям сельсавета і перадала эстафету творчага  марафона  Свенскаму сельскаму Савету.

Тэкст і фота

А.НЯМЦОВАЙ.

Добавить комментарий