Святочны фінал у Рэкце


Апошнім этапам фестывалю народных талентаў Слаўгарадскай зямлі стаў на мінулым тыдні святочны канцэрт у Рэкцянскім сельскім Доме культуры. На мерапрыемства былі запрошаны шаноўныя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў В.І. Бычык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Шаўцова, старшыня Васькавіцкага сельсавета А.В. Плехава, старшыня Свенскага сельсавета М.А. Белашоў, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна” М.В. Баранава, дырэктар ДУК “Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна” Л.Э. Кунцэвіч, дырэктар раённага дома рамёстваў Н.А. Купрыянцава і іншыя.

Культработнікі, апранутыя ў традыцыйныя беларускія касцюмы, сустракалі дэлегацыю са Слаўгарада хлебам-соллю і запрасілі наведаць выставу. Падрыхтавалі яе работнікі бібліятэк Свенскага сельсавета. Тут было шмат інфармацыйных падборак пра знакамітых людзей і землякоў, славутых сваімі працоўнымі подзвігамі. Знайшлі сваё ганаровае месца на выставе і цікавыя гістарычныя звесткі пра населеныя пункты сельсавета.

Асаблівую зацікаўленасць у гасцей выклікалі вырабы наведвальнікаў розных мастацкіх гурткоў, якія працуюць пры ўстановах культуры. А наведванне пакоя, які называецца “Беларуская хатка” і аздоблены разнастайнымі вышыванкамі, абрусамі, сурвэткамі і іншымі рэчамі з выключна народным каларытам, амаль дазволіла апынуцца ў атмасферы даўніны.

Мясцовыя жыхары знайшлі час прыйсці на фестываль, таму зала не пуставала.  А.В. Плехава з прывітальнымі словамі звярнулася да прысутных, пажадала поспехаў артыстам і перадала сімвал свята свайму калегу М.А. Белашову.

У той дзень сваё мастацтва шаноўнай публіцы дарылі самадзейныя артысты і калектывы Свенскага і Рэкцянскага сельскіх дамоў культуры, Зімніцкага і Прудокскага сельскіх клубаў. Варта адзначыць, што выступалі артысты ў розных жанрах: былі песні, вершы, гумарыстычныя сцэнкі. На сцэне былі як дарослыя, так і зусім юныя выканаўцы.

Напрыканцы мерапрыемства слова было дадзена старшыні Свенскага сельсавета. Міхаіл Анатольевіч выказаў вялікую ўдзячнасць арганізатарам гэтага свята за такую магчымасць наталіцца здабыткамі народнага мастацтва. Павіншаваў артыстаў з удалым выступленнем і пажадаў і надалей знаходзіць новыя формы выяўленчай і выканаўчай творчасці. Ён перадаў саламяны сімвал канцэртнага марафону старшыні райсавета дэпутатаў. Вольга Іосіфаўна, падводзячы вынікі фестывалю, віншавала ўсіх удзельнікаў з такой удалай рэалізацыяй ідэі паказаць народныя таленты Слаўгарадчыны. Старшыня засяродзіла ўвагу прысутных на той акалічнасці, што свае творчыя здольнасці ў канцэртах паказвалі не толькі артысты з профільнай адукацыяй. Асабліва каштоўным з’яўляецца тое, што людзі розных прафесій (а сярод самадзейных артыстаў былі і настаўнікі, і працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна), сталага ўзросту і дзеткі знаходзяць час для рэпетыцый і выяўленчага мастацтва. І у выніку так яскрава дэманструюць свае таленты публіцы.

Вольга Іосіфаўна шчыра павіншавала ўсіх з  народным святам талентаў, надыходзячымі святамі і пажадала ў новым годзе не губляць аптымізму, бадзёрасці, заўсёды быць здаровымі і шчаслівымі.

А.НЯМЦОВА.

Добавить комментарий