Святочным шэсцем  па Слаўгараду

 

Раённы краязнаўчы музей стаў кропкай, ад якой распачалося шэсце Дзядуль Марозаў у мінулую нядзелю. Больш за 20 галоўных казачных герояў, вядомая справа, з усёй сваёй асамблеяй прайшлі да галоўнай ёлкі раёна. Усю гэтую дыстанцыю жыхары і госці горада  віталі казачных герояў, фатаграфавалі гэтую незвычайную і прыгожую  працэсію.

Трэба дадаць, што і надвор’е пайшло на сустрэчу і пабяліла вуліцы мяккім і такім рэдкім у апошні час снегам.

Карацей кажучы, першая частка мерапрыемства прайшла пад гучныя  апладысменты гледачоў — шпарка і арганізавана.

Не менш вясёлай і відовішчнай была частка другая  —  тэатралізаваныя прадстаўленні. Установы культуры, адукацыі, райбальніцы і шэраг іншых арганізацый прынялі ўдзел у шэсці. Не ўсе, на жаль, сталі ўдзельнікамі часткі другой. Тым не менш, яна была вельмі і вельмі цікавай і відовішчнай. Больш за дзесяць каманд прадставілі свае выступленні. І кожнае з іх было насамрэч унікальным. Аўтары-выканальнікі падыходзілі да класіччнага Новага года па-свойму, імкнуліся зрабіць свята больш яркім. І гэта ў большасці сваёй ім удалося.

Сумесны карагод, запальванне агеньчыкаў на галоўнай раённай  ёлцы, мноства гумару, танцавальных нумароў  аб’ядналі і акцёраў, і гледачоў на некалькі гадзін. Былі прапанаваны прысутным  і гандлёвыя кропкі. Разам з райпа свае вырабы прапанавалі рамеснікі.

Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Але не гэта было галоўным. Дамінавалі ў той дзень святочны настрой, пазітыў і атмасфера  дабрыні.

Ул. РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий