У прытулак прыйшло свята

 

Сацыяльна-педагагічны прытулак у мінулую сераду сустракаў сяброў. А дакладней, яго выхаванцы, якія апынуліся ў складаным жыццёвым становішчы. А каб зрабіць жыццё дзетак крышачку святочней, дадаць аптымізму, веры і падтрымаць іх, на святочную ёлку завіталі:  намеснік  старшыні райвыканкама  С. А. Езерская; кіраўнікі раённага аддзялення следчага камітэту,  дэпартамента аховы, рэдакцыі раёнкі, ЦБП №723  філіяла №700 Магілеўскага абласнога ўпраўлення ААТ “АСБ Беларусбанк”; прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза работнікаў дзяржустаноў.

Кожны з гасцей, якому давала слова кіраўнік прытулка А. А. Сямёнава, у сваіх віншаваннях імкнуўся перадаць максімум пяшчоты, дабрыні і цеплыні. А іх у апошні час гэтым дзеткам вельмі і вельмі не хапае.

Падмацоўваліся, як кажуць, словы гасцей і справамі. Так бы мовіць, матэрыяльная частка віншаванняў выглядала ў бясконцым струмені цукерак, рознага кшталту карысных вітамінаў і сродкаў асабістай гігіены і  многага іншага.

Вядомая справа, эмоцыі дзеці праяўлялі, адпаведна, пазітыўныя. Дадалі эмоцый і героі тэатралізаванага прадстаўлення, якое падарыў  наведвальнікам  СПП калектыў РЦК і НТ.

Героі  мультсерыяла “Фіксікі” прадэманстравалі, як у жыцці дабро перамагае зло. І толькі  добрыя ўчынкі, узаемавыручка і шчырае сяброўства здольныя  прынесці чалавецтву мір і спакой. Свята прайшло на хвалі настрою і пазітыва.

Ул. РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий