Як слаўгарадчане святкуюць Каляды?

 

 

Доўжацца чароўныя калядныя дні.  Мы чакаем ад іх нейкага асаблівага настрою, марым аб здзяйсненні жаданняў ды недзе ў душы, далёка-далёка, усё ж такі верым у цуд. Нашыя продкі таксама з нецярпеннем чакалі Калядаў і таксама спадзяваліся. Як і мы зараз.

Мы звярнуліся да жыхароў раёна і запыталіся, як яны адзначаюць святкі?

Галіна МАКСІМАВА, загадчыца аўтаклуба РЦК і НТ:

—Ведаеце, я работнік культурнай нівы і непасрэдна займаюся арганізацыяй і правядзеннем рознага кшталту святаў, у тым ліку традыцыйных абрадавых. Але Святкі – асаблівыя для мяне дні, нават сакральныя. Пакуль яны доўжацца, мы ездзім ў розныя калектывы сельгасарганізацый раёна, наведваем жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў, ладзім мерапрыемствы для дзяцей, з тым каб данесці традыцыі святкавання гэтага свята нашымі продкамі і надаць настрою.

Раней і дома мы весела адзначалі гэтае свята, калядавалі, хадзілі да аднавяскоўцаў у госці з песнямі, казачнымі персанажамі. Мае дзеці таксама актыўна ўдзельнічалі ў гэтым дзействе. Але зараз яны раз’ехаліся. Таму гэтыя святочныя дні разам з мужам праводзім у больш спакойнай абстаноўцы. Вячоркі калядных дней лічацца святымі, таму я стараюся хатнюю работу выконваць ўранку.

С.У. МІХАЛЮТА, начальнік падаткавай інспекцыі:

—Я па споведу католік, таму Раство мы з сям’ёй адначаем у снежні. Але з Калядамі, традыцыямі гэтага абрадавага свята знаёмы не па чутках. На маёй малой радзіме, на Шклоўшчыне, мы з дзяцінства пераапраналіся і вясёлым гартам калядавалі. Штогод рабілі гэта з задавальненнем і настроем. Зараз, калі маю сям’ю, крыху не хапае ні часу, ні магчымасцяў для калядавання. Але заўсёды мы радыя, калі да нас заходзяць калядоўшчыкі. З пустымі рукамі мы іх ніколі не адпускаем. У гэтым годзе да нас у вогуле заўшоў каладаваць адзін хлопчык. Ён вельмі стараўся і быў узнагароджаны салодкасцямі.

В.М. ДАЛІВАЙЛА, намеснік начальніка РАУС:

—Я родам з Магілёва. І ў нас калядныя мерапрыемствы праходзілі лакальна, у адведзеных месцах. А каб хадзіць па хатах і калядаваць – такога не было на маёй памяці. Але я ўжо больш як чатыры гады працую на Слаўгарадчыне. І вось тут я ў поўнай меры акунуўся ў гэты багаты традыцыямі, цікавы і прыгожы свет. Сам не калядую, але не адмаўляю, калі прыходзяць да мяне калядоўшчыкі. Мяркую, традыцыі нашы, беларускія, захоўваюцца, дзякуючы менавіта такім мястэчкам як Слаўгарад, іншыя райцэнтры. Гарады буйныя пазбаўлены гэтага відовішчнага дзейства. І яны толькі губляюць ад таго. Хаця ў апошні час тэндэнцыя вяртання да каранёў сваіх прагледжваецца ўсё мацней.

Анастасія КАМАРОВА, маладая матуля:

—У маёй хоць і маладой сям’і склалася традыцыя, што ў калядныя дні да нас абавязкова прыходзяць у госці родныя і блізкія нам людзі. Было і ў гэты раз так. Я сабрала на святочны стол: зрабіла свой фірменны торт, спякла і традыцыйныя духмяныя бліны, пасыпалі на стол зерне, каб год быў багатым і шчодрым.

Да замужжа разам з сяброўкамі хадзілі да суседзяў і калядавалі, нават цэлы сцэнарый гатавалі. Безумоўна, як і многія,  з дзяўчатамі ў гэтыя дні мы варажылі, вельмі хацелася даведацца, хто твой наканаваны і хто першы выйдзе замуж. Цікавы быў час.

Алена ЗЕНЬКЕВІЧ, прадпрымальнік:

—Не ведаю, як для каго, але ж я вельмі люблю і заўсёды з нецярпеннем чакаю Святкі. Склаліся ўжо і свае традыцыі. Я хрысціянка, таму напярэдадні Каляд абавязкова вечарам адпраўляюся ў царкву на службу. Потым вяртаюся і рыхтую святочны стол, адчыняю вароты, бо ведаю, што абавязкова наведваюцца калядоўшчыкі. На стале акрамя розных прысмакаў абавязкова стаўлю сала, хатнюю каўбасу, бліны, якія матуля выпякае ў печы. Таму свята праходзіць у сямейным кругу весела і настраёва.

На жаль, у гэтым годзе траскучы мароз, напэўна, напалохаў калядоўшчыка, бо мала іх да нас завітала. А ў мінулыя гады прыходзіла па 5-6 калядовачных гуртоў: спачатку на парозе з’яўляліся дзеці, пераапранутыя, з зоркай, вершамі, песнямі, а пазней калядавалі дарослыя. Для ўсіх я рыхтавала гасцінцы, бо ведаю, што адчыняць дзверы для калядоўшчыкаў – добрая прыкмета.У народзе кажуць: “Хрышчэнне – Калядкам прашчэнне”. Хто яшчэ не паспеў пакалядаваць альбо паваражыць – час ёсць! А не, дык прыгатуйце стол і запрасіце ў госці блізкіх для вас людзей і правядзіце час у цёплым сяброўскім крузе.

З Калядамі, слаўгарадчане!

Беседовал Вл. РЫЖЕНКОВ.

Фото автора.

Добавить комментарий