… і вады асвячонай набраць

 

У хрысціянскай культуры вельмі вялікае значэнне мае святая вадохрышчанская вада. Ёй прыпісваюцца розныя ўласцівасці. Асвячэнне вады на Вадохрышча даўно набыло сакральны сэнс. Сапраўды асвячоная на Хрышчэнне вада захоўвае свежасць на працягу года.

 

Вадохрышча прыйшло да нас яшчэ з часоў Ісуса Хрыста. Першае вадохрышча адбылося ў рацэ Іардан, калі Ісус Хрыстос папытаў прарока Іаана здзейсніць гэта дзейства. Яно было знакам ачышчэння ад грахоў, шчырага пакаяння і веры ў выратаванне. Хрыстос прайшоў вадохрышча дзеля чалавецтва і будучага яго выратавання.

У мінулым годзе напярэдадні Хрышчэння Гасподня, ці Богаяўлення, як яго яшчэ называюць, на Блакітнай крыніцы ўпершыню было арганізавана і праведзена  гэтае рэлігійнае свята. Тады і было прынята раённай уладай рашэнне зрабіць гэтае святкаванне на крыніцы традыцыяй.

У мінулую сераду дзверы капліцы пакутнікаў Маккавеяў на беразе Блакітнай крыніцы былі расчынены для ўсіх праваслаўных вернікаў, хто прыйшоў запаліць свечку, памаліцца і, вядомая справа, набраць хрышчэнскай вады. Пасля таго, як айцец Георгій правёў набажэнне, з малітвай і крыжам ён накіраваўся да крыніцы і правёў абрад асвячэння вады, павіншаваў прысутных са святам. Адразу да крыніцы пацягнулася чарга жадаючых набраць святой вады: нехта з бутэлькамі, банкамі, а хтосьці нават з бітонамі. Асобныя абмывалі ў асвячонай вадзе твар, рабілі па тры глыткі.

Надвор’е ў гэты дзень спрыяла тым, хто адважыўся прыехаць да крыніцы. Траскучых хрышчэнскіх маразоў не было, таму невялікі мінус разам з бязветранасцю і нават сонейкам дазвалялі слаўгарадчанам і гасцям адчуваць сябе камфортна. Да того ж, работнікі райпа, гаспадыня аграсядзібы “Міхайлава” запрашалі пачаставацца гарачымі чаем, кавай, супам, шашлычком, піражкамі, блінамі і іншымі прысмакамі.

Былі ахвотныя паласавацца і разнастайнымі сырамі, якія прапанавалі мясцовыя сыравары на выставе-продажы. Была арганізавана і выстава-кірмаш сувенірнай прадукцыі.

Настраёвасці надавалі работнікі культурнай нівы, якія запрашалі вадзіць карагод вакол вогнішча, спявалі абрадавыя песні.

А тым часам на беразе крыніцы была напалена перасоўная лазня, дзе майстра-клас па парэнню даваў бронзавы прызёр чэмпіянату свету Генадзь Марозаў. Тут жа нават утварылася чарга жадаючых акунуцца ў святой вадзе, але да таго яны адпраўляліся ў лазню, дзе Генадзь напарваў духмянымі венікамі. Узносячы хвалу Богу і трохразова перахрысціўшыся ў ледзяную ваду акуналіся і жанчыны, і мужчыны. Для кагосці гэты рытуал з разраду традыцыйных, як, напрыклад, для слаўгарадчанкі Алены Зенькевіч. І кожны, хто ў гэты дзень акунуўся у крыніцу, атрымаў, па іх словах, ні з чым не параўнальныя пачуцці, спакой і згоду ў сэрцах.

Канешне, пераправіцца ў гэты раз праз Сож на аўтатранспарце было немагчыма ў сувязі з тым, што актыўным чынам ідзе будаўніцтва стацыянарнага маста і лёд не трывалы. Але для ўсіх жадаючых прыехаць да крыніцы быў арганізаваны падвоз на абодвух берагах ракі.

С. ІГАРАВА.

Фота Ул. РЫЖАНКОВА.

Добавить комментарий