Размаўляць па-беларуску – модна!

 

З 16 па 21 студзеня ў ДУА «Лапаціцкая сярэдняя школа»  прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Дэвізам яго сталі словы: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”. Мэта мерапрыемстваў прадметнага тыдня – папулярызацыя роднай мовы і літаратуры сярод вучняў, ушанаванне пісьменнікаў- юбіляраў 2016-2017 навучальнага года, развіццё пазнаваўчай і творчай актыўнасці вучняў.

Адкрылі тыдзень  тэматычныя інфармацыйныя гадзіны “З гісторыі роднай мовы” у 1- 11 класах. Класныя кіраўнікі звярнулі ўвагу вучняў  на асобы першых асветнікаў беларускай мовы, славутых дзеячаў і пісьменнікаў,  а таксама падкрэслілі іх значны ўклад ў развіццё беларускай культуры і літаратуры.

17 студзеня для вучняў 5- 6 класаў была арганізавана інтэлектуальная гульня “Знаўцы роднай мовы, гісторыі і літаратуры”. Мерапрыемства вылучалася духам спаборніцтва каманд. А вядучымі былі вучні 11 класа. Удзельнікам гульні былі прапанаваны пытанні з гісторыі мовы і літаратуры, лінгвістычныя загадкі, а таксама пытанні на веданне раздзелаў мовазнаўства. Пераможцай гульні стала каманда 6 класа “Дзеяслоў”.

Трэці дзень прадметнага тыдня быў прысвечаны юбіляру 2016 года —  Максіму Багадановічу. Вучні 9-11 класаў паглядзелі дакументальны фільм “Каханне ў жыцці і творчасці М.Багдановіча”. У чарговы раз успаміналі творчасць паэта, вершы якога і ў наш час кранаюць да глыбіні душы.

У чацвер была праведзена незвычайная гульня-конкурс  “Шануй і ведай родную мову!”. Гульня праходзіла ў форме падарожжа. Чатыры зборныя каманды, у склад якіх увайшлі вучні 5-9 класаў, атрымалі маршрутныя лісты з назвамі прыпынкаў, што размясціліся ў розных кабінетах школы. Назвы ж іх казалі самі за сябе: “Загадкавы”, “Літаратурны”, “Міфічны”, “Мудрасць”, “Лірычны”, “Перакладчыкі”. Каманды прымалі самы актыўны ўдзел у гульні, праявілі сваю кемлівасць,  з захапленнем выконвалі цікавыя і разнастайныя заданні. Мерапрыемства вельмі спадабалася вучням.

У апошня дні тыдня для вучняў 3 — 6  класаў былі наладжаны прагляд беларускага анімацыйнага фільма “Прыгоды Несцеркі”, а таксама конкурс чытальнікаў “Мой любімы верш” для вучняў 1 – 11 класаў. На працягу ўсяго тыдня вучні 1 – 5 класаў прымалі актыўны ўдзел ў конкурсе малюнкаў “Мая Беларусь”. Самыя актыўныя удзельнікі мерапрыемстваў прадметнага тыдня  атрымалі дыпломы.

Праводзячы такія мерапрыемствы ў школе, вельмі хочацца звярнуць увагу сучаснай моладзі на значэнне роднага слова ў нашым жыцці.

Сёння модна размаўляць на мілагучнай беларускай  мове!

Т.ЯНКОВІЧ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры 

ДУА “Лапаціцкая сярэдняя школа”.

Добавить комментарий