Меню
Категории
Вышыўка зноў у трэндзе, або Як я вучылася бабулінаму рамяству
27.01.2017 Человек и его дело

 


У які раз пераконваюся: усё новае — гэта добра забытае старое. І мода – не выключэнне. Успомніце, у зусім яшчэ недалёкім мінулым у нас была мода на ўсё замежнае. Заўзятыя модніцы моршчылі нос, убачыўшы швэдар, звязаны ўручную, або пашытую ў хатніх умовах сукенку. Але  кола моды зноў павярнулася, і цяпер сітуацыя ў дакладнасці да наадварот. Усё больш набірае папулярнасць ручная праца. Так зараз карыстаюцца попытам самаробныя сукенкі і розныя аксэсуары. Многія жанчыны проста ганяюцца за ручнымі работамі, а некаторыя з іх пачынаюць спасцігаць тэхніку вышыўкі самастойна. Так, вышыўка сёння ў трэндзе. Мода на яе перакінулася не толькі ў адзенні, упэўнена, кожная модніца жадала б мець у сваім гардэробе  і такія модныя аксэсуары як сумкі ці туфлі з элементамі вышыўкі.

Сапраўды, з яе дапамогай можна надаць нават самаму пасрэднаму адзенню свой стыль, падкрэсліць індывідуальнасць і непаўторнасць, як і жыллю, якое вышыванкі напаўняюць самабытнасцю, настраёвасцю і ўтульнасцю. У гэтым асабіста пераканалася, калі адправілася ў Новую Слабаду да Марыі Іванаўны КІРЫЛКОВАЙ, каб навучыцца старадаўняму бабулінаму рамяству.

Марыя Іванаўна — майстрыха з вялікім стажам: больш за паўстагоддзя не выпускае з рук іголку з ніткай. За гэты час яна сабрала немалую ўласную калекцыю, якуя вышыла сваімі рукамі. Як прызналася нам гаспадыня, большую яе частку падарыла знаёмым, штосьці купілі. Вядомая справа, з парога я папрасіла Марыю Іванаўну хутчэй паказаць свае вышыванкі. І яны ўразілі. Кожны пакой быў адметным, меў свой непадобны яркі акцэнт. Усё, да чаго дакранулася рука майстрыхі, напоўнілася сэнсам, цеплынёй і выклікала толькі станоўчыя эмоцыі: сурвэткі, абрусы, падушкі, прасціны, ручнікі… Прыгажосць! Уражваюць і вышытыя карціны, якіх у доме таксама зашмат, іконы. На жаль, чорна-белае фота не можа перадаць чытачам каларыт гэтых работ.

—Марыя Іванаўна, хто прывіў Вам любоў да вышыўкі? —запыталася я.

—Мая матуля, Таццяна Іванаўна. Менавіта яна была маім першым і адзіным настаўнікам у рукадзеллі. Колькі памятаю, ніколі, ну проста ні адной хвіліны ў сваім жыцці, яна не сядзела без справы – майстрыха на ўсе рукі ў вёсцы была: і прала, і ткала, і вышывала, і вязала, і шыла. Толькі да яе вясковыя жанчыны і звярталіся. І нас, дачок, яна песціла — абноўкі часта шыла-вязала.

Наша гераіня родам з Гомельшчыны. У 1975 годзе разам з мужам прыехала жыць на яго малую радзіму – Слаўгарадчыну. Трыццаць пяць год адпрацавала ў дзіцячым садку выхавацелем. Прыйшла пенсія – пайшла на заслужаны адпачынак. Пяць гадоў займалася хатнімі справамі, нідзе не працавала. А вось апошніх тры гады рабіла ў раённым Доме рамёстваў, дзе ўдосталь займалася любімай сэрцу справай – самаробнічала і вучыла гэтай справе школьнікаў, якія з задавальненнем наведвалі яе гурток “Народныя матывы”. Былі ахвочыя да гэтай справы і хлопчыкі.

Тым часам Марыя Іванаўна бярэ ў рукі пяльцы, укладае нітку ў іголку і працягвае нашу размову:

—Гэта быў цікавы час. Разам з іншымі работнікамі Дома рамёстваў, рамеснікамі мы прымалі ўдзел у розных творчых конкурсах, выставах, кірмашах. Такім чынам скалясілі, бадай, усю Беларусь.  І я вельмі ўдзячна, што мне выпаў такі шанец. Ведаеце, сапраўды зараз павысіўся попыт на вырабы ручной працы, у тым ліку і на вышыванкі: людзі ахвотна купляюць рушнікі, сурвэткі, у модзе зараз упрыгожваць рубашкі, сукенкі, спадніцы вышыўкай, асабліва з беларускім арнаментам. Такія штучныя рэчы купляюць першымі, як тыя гарачыя піражкі.

Я ўважліва назірала за сваёй субяседніцай: яна ўжо села ў крэсла, узяла свае “прылады” і пачала мне паказваць, як правільна рабіць розныя шыўкі з нітак, распавяла, як трэба падбіраць ніткі. Назіраючы за яе спрытнымі рукамі, здавалася, што сапраўды нічога складанага ў вышыўцы няма. Вось прыду дадому, і абавязкова замацую засвоены матэрыял – паспрабую зрабіць такія шыўкі самастойна, падумала я. Вельмі спадабаўся мне гэты занятак. А тым часам запытала ў субяседніцы:

—Як нараджаюцца ўзоры на Вашых вырабах, дзе бераце ідэі?

—Усё проста. На карціны выпісваю спецыяльныя часопісы са схемамі. Што спадабаецца, абавязкова вышыю. А вось арнаменты часцей за ўсё малюю сама, нешта прыдумаю – і хутчэй за аловак. Намалюю на бумазе нешта, пахаджу, пакумекаю, вазьму аловак і чагосьці дадам. Калі нарэшце атрымоўваецца тое, што задумвала, перакладаю ўзор на тканіну, падбіраю ніткі і прымаюся за справу. Я ж да таго самавучка. Засвоіла розныя тэхніцы вышыўкі. У тым ліку і пацеркамі. Асабліва падабаюцца ў гэтай тэхніцы іконы і пейзажы.

Адзенне я таксама вышываю: народныя касцюмы, дзіцячыя хрысцільныя кашулі і іншае.

Цікавіцца гэтай справай і мая аддзінаццацігадовая ўнучка Віка. Асновам я навучыла, і яна ўжо пачала адлік сваіх самастойных вышывак. Бярэцца ўжо і за больш складаныя сюжэты, пакуль, праўда, з маёй дапамогай, але ўсё добра атрымоўваецца. Спадзяюся, што яна працягне маю справу.

Разглядаючы прыгажосць, якую ствараюць “залатыя” рукі Марыі Іванаўны, па добраму пазайздросціла яе майстэрству. Увечары села за пяльцы і я. Але ідзе там?! Тое, што так лёгка рабілі рукі майстрыхі, маім рукам давалася з цяжкасцю. Атрымоўвалася не так роўна і прыгожа. Некаторыя шыўкі нават і забылася як рабіць. Добра, што зараз пад рукой ёсць Інтэрнет, з яго майстра-класамі і інструкцыямі. Да яго і звярнулася. Зараз вучуся і спадзяюся, што да вясны ўпрыгожу дачушцы адзенне рознакаляровымі мульцяшнымі вышыванкамі. А вы не жадаеце далучыцца?

Тэкст і фота С. ІГАРАВАЙ.

Добавить комментарий

Вы должно быть авторизован опубликовать комментарий.

*