Задача па павелічэнні сярэдняй зарплаты да $500 павінна выконвацца беспярэчна

 

Аб гэтым заявіла 25 студзеня кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава ў час сустрэчы з калектывам ААТ “Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат”.

“Заработная плата ў сярэднім па краіне павінна быць $500. Гэта задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, павінна выконвацца беспярэчна. І сёння гэта задача не толькі для ўрада, міністэрстваў і ведамстваў, а для кожнага кіраўніка кожнай арганізацыі”, — падкрэсліла Наталля Качанава. Цяпер дзяржорганы працуюць над тым, як яе рэалізаваць.

У Мінску ўзровень сярэдняй заработнай платы ў памеры $500 ужо дасягнуты, дадала яна. У цэлым па краіне ў снежні 2016 года сярэдняя заработная плата склала Br801.

Яшчэ адным прыярытэтам з’яўляецца стварэнне рабочых месц. У 2016 годзе іх павінна было быць створана 50 тыс. “Заданне гэта выканана і нават перавыканана, — заявіла Наталля Качанава. — На гэты год даведзена заданне больш сур’ёзнае. Гэта задача была і застаецца адной з прыярытэтных”.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліла, што кожнае прадпрыемства і вытворчасць павінна імкнуцца да таго, каб працаваць эфектыўна і рэнтабельна. “Адзін з прыярытэтаў — гэта экспарт, таму тут трэба дакладнае бачанне кожнага кіраўніка, які ўзначальвае прадпрыемства. Нельга працаваць на склад, выпускаць незапатрабаваную прадукцыю”, — сказала яна.

Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на пытанне стратных прадпрыемстваў, перш за ўсё сельскагаспадарчых. “Урад прыняў шэраг мер, якія дадуць магчымасць вывесці іх на рэнтабельную работу”, — рэзюмавала яна.

БелТА.

Добавить комментарий