Да бяспекі – разам

Прафілактыцы і папярэджванню пажараў і згубы людзей на іх сёння надаецца першаступенная ўвага. І ў гэтым важную ролю іграе, у першую чаргу, праца з насельніцтвам. На тэрыторыі сельскіх Саветаў раёна актыўна дзейнічаюць назіральныя камісіі, ажыццяўляюцца выязныя прыёмы, працуюць інфармацыйныя і мабільныя групы, рэгулярна праводзяцца сельскія сходы грамадзян.

Чарговы на бягучым тыдні праходзіў у краме вёскі Шаламы.  Ініцыяваў яго правядзенне раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Тэмай абмеркавання з вяскоўцамі стала праблема забеспячэння бяспекі людзей.

Начальнік РАНС В. У. Галіцкі расказаў аб становішчы спраў з пажарамі ў раёне ў мінулым годзе і бягучым, прывёў статыстыку і вызначаныя заканамернасці, выяўленыя пры аналізе прычын узнікнення пажараў. Віктар Уладзіміравіч  таксама прывёў прыклады пажараў, на якіх загінулі людзі, акцэнтаваў увагу на фактах гібелі па прычыне злоўжывання спіртнымі напоямі і курэння ў ложку. Нагадаў выступоўца, якія меры пажарнай бяспекі неабходна выконваць, каб засцерагчы сябе, сваіх блізкіх і сваю маёмасць ад узнікнення пажару. Пры правядзенні сходу асобая ўвага была нададзена бяспецы дзяцей і недапушчальнасці іх пакідання бацькамі без нагляду.

У працяг тэмы аб выніках работы назіральнай камісіі па пажарнай бяспецы выступіла старшыня Васькавіцкага сельвыканкама А.В. Плехава.  Асноўнымі задачамі назіральных камісій з’яўляецца забеспячэнне бяспечнай жыццядзейнасці грамадзян, у тым ліку навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях, выяўленне і знос трухлявых і пустуючых будынкаў. Аляксандра Васільеўна адзначыла, што членамі камісіі праводзіцца абследванне супрацьпажарнага стану жыллёвага фонду, навучанне насельніцтва навыкам асцярожнага карыстання у з агнём, у тым ліку наведваюць яны і  домаўладанні адзінокіх і адзінокапражываючых вяскоўцаў, інвалідаў. Пад пільным кантролем неблаганадзейныя і шматдзетныя сем’і, а таксама асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.

—Асобных грамадзян, —падкрэсліла Аляксандра Васільеўна, — якія не жадаюць па нейкіх прычынах прыводзіць свае домаўладанні ў супрацьпажарны стан, мы запрашаем і разглядаем на пасяджэннях сельвыканкамаў, дзе таксама прысутнічаюць і іншыя вяскоўцы, інфармуем дзяцей, якія працуюць, пра неабходнасць правядзення рамонту печкавага ацяплення, электраправодкі, устаноўцы АПА ў домаўладаннях іх састарэлых бацькоў.

Напрыканцы сустрэчы выступоўцы адказалі на пытанні грамадзян.

Добавить комментарий