З АРХІВА РАЁНКІ: ГОД 1954

Якія толькі паслугі сучаснаму чалавеку не прапануе культурна-бытавая сфера. Былыя цырульні даўно пашырылі асартымент сваіх паслуг і трансфарміраваліся ў салоны прыгажосці і іншае, грамадскія лазні сталі лазне-аздараўленчымі комплексамі. І, вядомая справа, аказваюць нам бытавыя паслугі спецыялісты, як правіла, ветлівыя, якія нясуць адказнасць за якасць і камфорт для кожнага кліента. А як гэтыя паслугі аказвалі раней? Давайце параўнаем, як слаўгарадчане хадзілі ў лазні і цырульні ў 1954 годзе.

Аб дробязях быту

Комуністычная партыя і Совецкі ўрад праяўляюць паўсядзённыя клопаты аб паляпшэнні добрабыту працоўных, аб задавальненні іх культурна-бытавых запатрабаванняў. Аднак паасобныя арганізацыі, закліканыя задавальняць гэтыя запатрабаванні, глядзяць на бытавое абслугоўванне насельніцтва як на другарадную справу.

Прэтэнзіі райпромкамбінату

Многа непрыемных мінут прыходзіцца перажыць чалавеку, пажадаўшаму памыцца ў лазні райпромкамбіната. Вось вы купілі білет і занялі чаргу каля дзвярэй  у раздзявальню. Стаіце дзесяць мінут, стаіце дваццаць, паўгадзіну. Нарэшце вам шанцуе, як кажуць, прарвацца ў раздзявальню. Але і тут вас чакае расчараванне. Усе месцы заняты, у кожнай шафе размясцілася па тры-чатыры чалавекі, бялізна валяецца і на шафах, і пад шафамі, і на падваконніках. Прысесць няма дзе, і прыходзіцца зноў чакаць па меншай меры поўгадзіну, пакуль знойдзецца месца.

Але і на гэтым не заканчваюцца пакуты. Раздзеўшыся, вы блукаеце ў пошуках таза, а знайшоўшы апошні, зноў становіцеся ў чаргу, каб здабыць вады, бо вада з кранаў, якіх усяго два, паступае ў час па сталовай лыжцы. Вельмі часта знікае гарачая вада, дрэнна паступае пар. Райпромкамбінат нават не паклапаціўся аб тым, каб нарыхтаваць венікаў.

Часта прыходзіцца жыхарам Слаўгарада цярпець і ад свавольнікаў, працуючых на электрастанцыі. Праўда, знаходлівыя спажыўцы электраэнергіі, ведаючы, якім асвятленнем забяспечвае іх райпромкамбінат, да электрычных лямпачак прымайстравалі  хто  карасінавую, хто ліхтар “лятучая мыш”.

З рызыкай для жыцця

На будаўніцтва калодзежаў у райцэнтры затрачаны велізарныя сродкі, між тым горад застаецца без вады. Улетку ў выніку адсутнасці  гаспадарскага нагляду калодзежы псаваліся, а зараз зараслі лёдам. Вакол іх утварыліся ледзяныя горы, спускацца з якіх з вёдрамі вады не зусім лёгка. Асабліва многа пакут церпяць жыхары Ленінскай, Піонерскай і некаторых іншых вуліц, якія карыстаюцца калодзежам, што ў канцы Камсамольскай вуліцы. Ледзяная горка зраўнялася са зрубам, сцены зруба ўнутры таксама  абледзянелі. Дастаць тут вады без рызыкі для жыцця немагчыма. Рызыкуе сваім жыццём і старшыня гарадского Совета т. Граншчыкаў. Ён сам кожную раніцу дастае з гэтага калодзежа ваду і можа мець прыемнасць прыняць халодны душ.

У цырульнях

Нельга сказаць, што маючыяся ў горадзе дзве цырульні не ў стане задаволіць кліентаў. Справа ў тым, што ў гэтых цырульнях холадна, гразна, майстры працуюць дрэнна падрыхтаваным  інструментам. У чаканні чаргі няма дзе пасядзець, не гаворачы ўжо аб тым, каб пачытаць газету або часопіс. Цырульнік т. Кажамякін працуе ў вопратцы, асвяжае кліента дымам ад  цыгаркі, непрыстойныя анекдоты суправаджае лаянкай. Так месца культуры і гігіены ператворана ў месца бескультур’я і антысанітарыі.

Добавить комментарий