“Шпацыр” па Яраслаўлю

 

У лютым дэлегацыя нашага раёна ў складзе настаяцеля прыхода Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка аграгарадка Лясная пратаіерэя Георгія Сакалова і дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная сістэма публічных бібліятэк” Людмілы Кунцэвіч наведела рускі горад Яраслаўль і прыняла ўдзел у прэзентацыі кнігі “Сяло Вялікае. Маленькае люстэрка расійскай гісторыі”. Уважлівы чытач, упэўнена, чытаў пра гэта на старонках раёнкі. Як і памятае, што Вялікае і Слаўгарадчыну аб’ядноўвае бітва пры Лясной (газета за 17 лютага №13-14). Дык вось на бягучым тыдні з візітам у адказ Слаўгарадчыну наведала вядомая яраслаўская пісьменніца, краязнаўца, экскурсавод Наталля Абнорская, з нагоды чаго на базе інфармацыйна-ідэалагічнага цэнтра прайшло пазнавальна-азнаямленчае мерапрыемства.

5 чэрвеня адзначаўся дзень памяці Еўфрасінні Полацкай, таму менавіта гэтай тэме прысвяцілі сваё выступленне работнікі бібліятэкі, прапанаваўшы прысутным цікавую электронную прэзентацыю на роднай мове “І адкрыецца тайна Крыжа…” Потым слова ўзяла расійская госця Наталля Абнорская. Яна падзякавала за цёплы прыём, выказала сваё захапленне мелагучнасцю і каларытам беларускай мовы, пашкадаваўшы пры гэтым, што слаўгарадчане ёй не карыстаюцца, падкрэсліла госця і тое, што вельмі ўразілі яе чысціня і ўтульнасць нашага горада, прыродная прыгажосць, людзі, з якімі паспела за гэты кароткі час пазнаёміцца. Пасля Наталля Мікалаеўна запрасіла прысутных у азнаямленчы завочны шпацыр па Яраслаўлю. Цікавы аповед адмысловага экскурсавода дапаўнялі слайды, што выклікала цікавасць у прысутных. Асабліва, калі выступоўца распавяла пра маці Палтаўскай бітвы, якая аб’ядноўвае нашы братэрскія гарады. Па завяршэнні сустрэчы Наталля Абнорская выказала надзею, што далейшае расійска-беларускае супрацоўніцтва, як і сяброўства Яраслаўля і Слаўгарада, будзе толькі мацнець і дасць плённыя вынікі.

Тэкст і фота

Святланы РЫЖАНКОВАЙ.