Мая старонка – Целяшы

Усе мы родам з вёскі. Генеалагічнае дрэва нават самых далёкіх ад сялянскага быту гараджан вядзе ў маленькі куток Беларусі. І кожны гэты куточак мае сваю гісторыю. Нашы продкі шмат стагоддзяў жылі сваімі клопатамі, інтарэсамі. Цяжкай працай здабывалі хлеб, кахалі, гадавалі дзетак. Здаралася, што і ваявалі, цярпелі страты, цяжкае становішча. Але і адзначалі святы, радаваліся шчодрым ураджаям, гулялі вяселлі. І самае галоўнае – імкнуліся захаваць для нашчадкаў самае каштоўнае – Радзіму.

Рэдакцыя “ПК” адкрывае новую рубрыку, калі хочаце, пачынае гістарычны праект, дзе мы разам з вамі, шаноўныя чытачы, будзем узгадваць старонкі мінулага вёсак і аграгарадкоў нашага раёна. Першым населеным пунктам, пра які пойдзе наша гаворка, стаў аграгарадок Целяшы.

За дапамогай у зборы інфармацыйнага матэрыялу мы звярнуліся да бібліятэкара Целяшэўскай бібліятэкі-філіяла Людмілы Цімафеевай, якая, у сваю чаргу, запрасіла на нашу сустрэчу старажылаў вёскі. Марыя Кацуба, Ганна Фралова, Ева Кавалёва, Ніна Васілюк, Тамара Валчкова знайшлі час, каб падзяліцца з карэспандэнтам сваімі ўспамінамі, легендамі  роднай старонкі. За кубачкам кавы адбылася гутарка, подчас якой мы даведаліся шмат цікавых фактаў.

Першае ўпамінанне населенага пункта ў пісьмовых крыніцах датуецца XVI стагоддзем. Ёсць звесткі, што ў 1571 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст падараваў сяло Чавускаму кармеліцкаму кляштару. На карце 1776 года мястэчка адзначана як Цялегі. Па ўспамінах, якія дайшлі да нас, прыблізна ў 1783 годзе ў гэтым месцы жыў пан Ціплеш (або Ціляш), магчыма, ад яго імя і пайшла назва вёскі. Было ў пана 11 двароў, 104 жыхара, вадзяны млын, возера і саджалка. У 1884 годзе ў вёсцы налічвалася ўжо 90 двароў, 287 жыхароў, была Ільінская царква.

Згодна гістарычным  дадзеным, напачатку XX стагоддзя вёска належала Целяшэўскаму сельскаму таварыству, тут пражывала 528 сялян, дзейнічала чатырохкласная школа. Не мінулі гэты беларускі куток ні рэвалюцыя, ні грамадзянская вайна. У 30-я гады, час калектывізацыі, жыхары вёскі аб’ядналіся ў калгас, які меў назву “Бальшавік”, а першым яго старшынёй стаў Рыгор Аўтухоў.

Так склалася, што ні адна сям’я,ні адзін куточак нашай Беларусі не засталіся не закранутымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У шарэнзе байцоў-абаронцаў Радзімы былі і жыхары Целяшэй. Землякі ганарацца сваім  аднавяскоўцам  Зосімам Малахавым. Юнацтва вясковага хлопца гартавалася на Каспіі, дзе ён у складзе ваеннай флатыліі абараняў маладую Рэспубліку Саветаў у гады грамадзянскай вайны. Падчас Вялікай Айчыннай Зосім Сцяпанавіч вылучаўся мужнасцю і непахіснасцю ў барацьбе з ворагам. Вайну ён скончыў у званні капітана 1-га рангу.

Зосім Малахаў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга (двойчы), Чырвонай Зоркі, медалямі. У пасляваенны час ветэран савецкага ваенна-марскога флоту доўга падтрымліваў сувязі з піянерамі і камсамольцамі Слаўгарадскай СШ №1.

Пачатак 60-х гадоў мінулага стагоддзя адзначаны росквітам сельскагаспадарчай вытворчасці і самой вёскі Целяшы. У гэты час шляхам аб’яднання калгасаў в.Любаны і в. Дашкаўка быў створаны калгас “Рассвет”, які ўзначаліў Васіль Пазнякоў. І сёння мясцовыя жыхары ўспамінаюць Васіля Яфімавіча з удзячнасцю і павагай, бо за час яго працы ў Целяшах былі пабудаваныя: пачатковая школа, клуб, бібліятэка, сельсавет, пошта, ашчадная каса. Але час ідзе, у калгасе мяняліся кіраўнікі, ды і самі Целяшы з 1962 па 1965 гады адносіліся да Чавускага раёна. Па словах сялян, вялікую ролю ў развіцці вёскі адыграў Мікалай Маслакоў. Падчас яго дзейнасці ў прадпрыемстве, ды і ў самой вёсцы прайшоў шэраг  прагрэсіўных змен: пачала працаваць лесапілка, з’явіліся дрэваапрацоўчы цэх, душавая, лазня, вандлярня, калгаснікі займаліся вырошчваннем грыбоў дрэўнавушак, пры калгасе нават дзейнічаў асфальтавы мінізавод. І ўсё гэта акрамя звычайных сельгасаб’ектаў: фермаў, майстэрняў і інш. У пачатку 90-х гадоў у Целяшах былі ўзведзены двухкватэрныя дамы для 30 сямей, цэнтральная вуліца набыла асфальтавае пакрыццё.

Час няўмольны. Шмат чаго ўжо няма ў Целяшах, ды гэта ўжо і не вёска, а аграгарадок. Але, як і раней, галоўным яго багаццем  з’яўляюцца людзі – простыя працаўнікі. І сёння жыхары вёскі маюць той чалавечы скарб, які іх натхняе на дасягненні і поспехі.

Матруна Сілянкова нарадзілася ў 1917 годзе. Скончыўшы курсы трактарыстаў, стала адной з першых у краіне жанчын, якія авалодалі гэтай мужчынскай прафесіяй. У 40-я і 50-я гады мінулага стагоддзя працавала трактарысткай Целяшэўскай МТС. І ў прыклад іншым рэгулярна перавыконвала даведзеныя планы і заданні.

Аляксандр Андрэеў у 70-80-я гады працаваў у калгасе “Рассвет” механізатарам. За сваю самаадданую працу быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”.

Усё жыццё прысвяціла жывёлагадоўлі Варвара Афанасьева. Гэтая адказная даярка з’яўлялася не адзін раз пераможцай раённых спаборніцтваў, і нават на дзяржаўным узроўні шматгадовая праца Варвары Герасімаўны была высока адзначана.

Сярод жыхароў, якія праславілі Целяшы, і адна з маіх субяседніц. Ева Кавалёва шмат гадоў адпрацавала тэхнікам-асемянатарам. У 1980 годзе Еве Іосіфаўне была аказана пашана стаць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Камуністычнай партыі Беларусі. Яна таксама неаднойчы станавілася пераможцай раённых спаборніцтваў на званне “Лепшы па прафесіі”, мае высокія дзяржаўныя ўзнагароды і ордэн Працоўнай Славы III ступені.

Не могуць не ганарыцца целяшэўцы і сваім славутым земляком Віктарам Ракавым. Будучы беларускі паэт нарадзіўся ў  1935 годзе, вучыўся ў мясцовай школе, затым скончыў фізмат Магілёўскага педінстытута. І сёння ў музейным кутку яго роднай вёскі можна пабачыць яго кантрольную работу па матэматыцы, выкананую каліграфічным почыркам “на выдатна”. Праз усю творчасць паэта праходзіць шчымлівая тэма любові да Радзімы і дарагога прысожжа. І хоць лёс развёў Віктара Афанасьевіча з малой радзімай, старажылы ўзгадваюць, што ў апошнюю вясну свайго жыцця ў 2000 годзе паэт пабываў у Целяшах на Радаўніцу.

Кожны, хто трапляе ў Слаўгарад, пры ўездзе сустракае білборд з надпісам пра тое, што Слаўгарадчына – край блакітных крыніц. І маецца на ўвазе не толькі Блакітная крыніца, на самой справе, практычна ў кожнай вёсцы ці аграгарадку ёсць свой, а то і не адзін, прыродны ключ. У Целяшах гэта – Якімава крыніца.

Па словах Просі Гаўрылавай, мясцовай жыхаркі, яе дзед, Якім, вырашыў выкапаць калодзеж. Распачаў сваю работу ў месцы, дзе працякаў маленькі ручай, але неўзабаве ўбачыў, як з зямлі б’юць ключы. І ён вырашыў зрабіць вакол крынічкі драўляны зруб. Было гэта недзе ў 1917 годзе. З цягам часу зруб разбурыўся, там сталі паіць коней з драўлянага карыта.

У канцы 50-х гадоў XX стагоддзя мясцовыя жыхары Кірыла Сілянкоў, які працаваў у той час сакратаром у сельсавеце, і механізатар Мікалай Жураўкоў вырашылі аднавіць крынічку і ўсталявалі вакол бетонныя кольцы.

Нягледзячы на тое што крынічка знаходзіцца амаль на краю вёскі, добраўпарадкаванне вакол яе з’яўляецца абавязковым для мясцовых жыхароў. Тут усталявалі крыж, і сёння Якімава крыніца со сваёй халоднай празрыстай вадой мае статус святога месца для сялян. З цягам часу ў аграгарадку склалася традыцыя: кожны год 2 жніўня, на Іллю, тут збіраецца шмат людзей і святар правіць набажэнства.

Вось такія адметнасці, людзі і гісторыя ў аграгарадка Целяшы.

Паважаныя чытачы, а якія цікавыя факты, легенды ці апантаныя жахары ёсць у вашым населеным пункце? Мы будзем вельмі ўдзячныя, калі вы падзеліцеся з намі сваімі ведамі аб мілых сэрцу кутках Слаўгарадчыны. Чакаем вашых водгукаў і заўсёды гатовыя наведаць ваш населены пункт, каб расказаць пра яго на старонках “ПК”.

Вобразы малой радзімы, прасягнутыя душэўным лірызмам, засталіся нам у спадчыну ад паэта-земляка…

Віктар РАКАЎ

Вядзьмак маленства

Яшчэ мне так не пеў ніхто,

Як гэты чмель,

Вядзьмак бухматы,

Са свету тлумнага дахаты

Шлях самы блізкі – пехатой.

 

І самы доўгі ён, бо надта ж

Душа стамілася чакаць.

Здаецца, выпырхне чака –

І грудзі выбухнуць гранатай.

 

Жывое робіцца жвавей,

Калі ў сваё трапляе ўлонне:

Піскіж трапечацца ў далонях –

Аддай рацэ, няхай жыве.

 

Яны без аднаго адно

Са свету белага звяліся б.

Камусьці домам служыць дно,

Камусьці – высі.

 

Свой свет у кожнае мальвы.

Вось і табе міргнула

вечнасць:

Вакол – плюс-мінус

бесканечнасць,

Ты ж – пункт адліку нулявы.

 

І ад цябе найперш залежыць,

Што свет нясе тваёй душы:

Па целе пойдуць мурашы,

Ці ўвесь растворышся

ў бязмежжы.

 

З далёкіх вырвешся зямель

І птушкай паляціш дахаты,

Дзе ўсё жыве вядзьмак

бухматы,

Граза маленства

– любы чмель.

 

Вяртала нас у мінулае

 Аксана НЯМЦОВА.

Фота аўтара.